Беларусь стала лідарам сярод краін Еўропы і СНД па росце спажывецкіх цэн у чэрвені.

Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рост спажывецкіх цэн у Беларусі ў чэрвені адносна мая склаў 8,6%, у той час як у Германіі і Італіі цэны ўзраслі на 0,1%, у Расіі — на 0,2%, у Казахстане, Латвіі, Фінляндыі — на 0,3%, ва Украіне — на 0,4%.

У Эстоніі і Славакіі ў чэрвені цэны не змяніліся, а ў шэрагу іншых краін нават знізіліся: у Балгарыі — на 0,9%, Венгрыі, Чэхіі — на 0,2%, Ірландыі, Іспаніі, Літве — на 0,1%, Нарвегіі, Польшчы — на 0,4%, Турцыі — на 1,4%.

Цэны на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі ў Беларусі ўзраслі ў чэрвені на 8,2%, у Іспаніі і Італіі — на 0,1%, у Казахстане — на 0,2%, ва Украіне — на 0,3%, у Фінляндыі — на 0,4%. У Германіі цэны на прадукты не змяніліся. У астатніх краінах назіралася зніжэнне цэн: у Балгарыі — на 2,4%, Венгрыі — на 1,2%, Латвіі — на 0,2%, Літве — на 0,8%, Нарвегіі — на 0,7%, Польшчы — на 1,8%, Расіі — на 0,4%, Славакіі — на 0,5%, Турцыі — на 6,4%, Чэхіі — на 1,5%, Эстоніі — на 0,6%.

У чэрвені Беларусь таксама была лідарам па росце цэн на жыллёвыя паслугі, ваду, электрычнасць і газ — яны павялічыліся на 5,7% адносна мая. У Італіі і Казахстане цэны на гэтыя паслугі не змяніліся; у Балгарыі і Славакіі — узраслі на 0,1%, у Венгрыі, Германіі, Польшчы, Расіі, Турцыі — на 0,2%, Літве — на 0,3%, ва Украіне — на 0,4%, у Ірландыі — на 0,5%, Фінляндыі і Чэхіі — на 0,8%, Латвіі і Эстоніі — на 1,2%. У Іспаніі і Нарвегіі кошт гэтых паслуг знізіўся на 0,1 і 0,6% адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?