На нацыянальным прававым інтэрнэт‑партале Рэспублікі Беларусь зьявілася паведамленьне пра Указ прэзыдэнта Беларусі №3 ад 5 студзеня 2007 году.

Паводле яго, уносяцца некаторыя зьмены ва Указ ад 23 студзеня 2004 году «Аб складзе Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Прынамсі ў склад Рады бясьпекі цяпер уведзены памочнік прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка ‑‑ старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, што раней у склад Рады бясьпекі ўваходзіла толькі вузкае кола службовых асобаў: прэзыдэнт, дзяржсакратар Рады бясьпекі, прэмьер‑міністар, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, старшыні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, старшыня Нацбанку, міністар фінансаў, а таксама кіраўнікі выключна сілавых ведамстваў.

Радыё Свабода

Прызначэньне старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара ‑‑ сябрам Рады бясьпекі камэнтуе для нашага радыё былы сябар гэтай структуры Аляксандар Вайтовіч:

Вайтовіч: «Лукашэнка рыхтуе сабе пераемніка. Пра гэта я, дарэчы, пісаў у адкрытым лісьце да яго яшчэ ў 2004‑м годзе. А паколькі ён нікому не давярае, акрамя сына, дык, зразумела, што наступным прэзыдэнтам ён бачыць Віктара. Менавіта ў гэтым кантэксьце і трэба разглядаць прызначэньне сына кіраўніка дзяржавы сябрам Рады бясьпекі ‑‑ структуры, сяброўства ў якой вельмі абмежаванае і ўключае вузкае кола людзей, выключна ў адпаведнасьці з іхнымі пасадамі.

Аляксандар Лукашэнка разумее, што перадача вышэйшых дзяржаўных паўнамоцтваў сыну ‑‑ гэта адзінае выратаваньне для яго. Калі прыйдзецца сыходзіць з гэтай пасады, дык для таго, каб прыхаваць усё тое, што было пры ім, а, можа, нават і не адказваць за нейкія справы, ёсьць толькі адно выратаваньне ‑‑ сын».

Радыё Свабода

Уладзімер Глод

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0