Хакерская група Anonymous абяцае, што 5 лістапада 2011 года ўвойдзе ў гісторыю як дзень знішчэння найпапулярнай сусветнай сацыяльнай сеткі Facebook.
Яны перакананыя, што сетка ашуквае сваіх карыстальнікаў, абяцаючы ім прыватнасць асабістых дадзеных. Насамрэч гэтыя дадзеныя падаюцца службам бяспекі. І наогул Facebook з'яўляецца зручнай базай, якая дапамагае сачыць за мільёнамі людзей ва ўсім свеце.

Хакеры звярнуліся да PC-карыстальнікаў усяго свету з наступнай заявай: «Увага! Грамадзяне ўсяго свету! Мы — Anonymous. Ваш любімы сродак зносінаў будзе знішчаны. Калі вы жадаеце абараніць свабоду інфармацыі, далучайцеся да нас у імя захавання таямніцы вашага ж асабістага жыцця. Facebook прадае інфармацыю ўрадавым структурам, падае асабістыя дадзеныя службам бяспекі, якія з дапамогай сеткі могуць шпіёніць за людзьмі ўсяго свету. Выбар прыватнасці канфідэнцыйных налад Facebook — гэта ілюзія. Facebook ведае пра вас больш, чым ваша сям'я. Аднойчы вы зразумееце, што тое, што мы зрабілі, — правільна. Вы падзякуеце ўладарам інтэрнэту.

Мы не прычыняем вам шкоду, а ратуем вас».

Сацыяльная сетка знешне спакойна адрэагавала на гэту заяву, сцвярджаючы, што рэзерваў Facebook хопіць, каб супрацьстаяць магчымаму нападу. Эксперт «Лабараторыі Касперскага» Аляксандр Госцеў лічыць, што цалкам вывесці з ладу сетку хакерам Anonymous не атрымаецца: «Facebook з'яўляецца, напэўна, вельмі цікавай мэтай. Калі разглядаць варыянт з DDoS-атакамі, калі сайт падвяргаецца множным запытам і, не спраўляючыся, выходзіць з ладу, то Facebook так проста не зламаць. Існуючых звычайных магутнасцяў для арганізацыі падобных DDoS-нападаў відавочна недастаткова. Калі Anonymous знайшлі нейкія ўразлівасці ў Facebook і 5 лістапада пачнуць іх выкарыстоўваць і эксплуатаваць, тут

могуць быць розныя наступствы, аж да таго, што ўсе карыстальнікі Facebook, напрыклад, «страцяць» сваіх сяброў ці ў іх зляцяць настройкі прыватнасці».

Выбар даты для знішчэння сеткі невыпадковы - 5 лістапада ў Вялікабрытаніі адзначаецца ноч Гая Фокса, які ў XVII стагоддзі рыхтаваў падрыў будынка парламента ў Лондане. Пра тэрарыста быў зняты фільм «V значыць Вендэта», дзе сам Гай Фокс з'яўляўся ў масцы. Малюнак гэтай маскі стала знакам хакераў з групы Anonymous.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?