Ухваленая ўладамі Беларусі шырокамаштабная схема паставак зброі ў арабскія краіны вядзе да дзвюх тэрарыстычных груповак, што базуюцца ў Пакістане, — Tehrik-e-Taliban Pakistan (TTP) і Lashkar-e-Taiba (LeT).

Пра гэта сведчыць чарговая партыя дакументаў, апублікаваных хакерскай групай Anonymous, якая ўзламала серверы італьянскай кіберпаліцыі.

Калі верыць апублікаванай інфармацыі, пастаўкі зброі ажыццяўляюцца праз Сірыю і Курдыстан. Фінансавы складнік гандлю зброяй праходзіць праз ліванскі Fransabank, які мае аднайменны даччыны філіял у Беларусі, і іранскі банк Tejarat.

Сярод дакументаў прысутнічае сканаваны ліст, які беларускі экспарцёр зброі, кампанія «Белтэхэкспарт», 10 кастрычніка 2010 года даслала ў Мінабароны Сірыі. Гаворка ідзе пра кантракт № 326/10/2010–10.

«Паведаміце Мухамаду Мандыяну з (банка) Tejerat пра тое, што мы атрымалі 19 822 300 еўра, пералічаныя на наш рахунак у Белзнешэканамбанку. Што да астатняй сумы, то Расулаву (Rasoulof) з (банка) Enbank неабходна падпісаць дадатковае пагадненне з Ілаясам (Elias) з Western int.», — гаворыцца ў лісце, завераным пячаткай «Белтэхэкспарта».

У лісце няма інфармацыі пра тое, які тавар і каму павінен адгрузіць «Белтэхэкспарт», і які поўны кошт кантракту. Аднак згаданае пагадненне ўсплывае ў лісце кіраўніка Fransabank Group Адэля Касара (Adel Kassar) ад 14 студзеня 2011 на імя міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава.

Акрамя віншавання з Новым годам Касар паведамляе пра сваю паездку ў Беларусь 8–12 лютага гэтага года для адкрыцця новага офіса беларускага Fransabank і падвядзення вынікаў працы банка, а таксама просіць міністра замежных справаў Беларусі Мартынава аб сустрэчы для абмеркавання «руцінных пытанняў», уключаючы пытанне забеспячэння абароны сувязі.

Беларускае МЗС інфармацыю пра такія пастаўкі зброі катэгарычна абвергла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?