Лідар міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зміцер Дашкевіч пераведзены са штрафнога ізалятара калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць) у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пра гэта ён паведаміў у лісце сваёй нявесце Анастасіі Палажанцы.

«Гэта больш мяккае ўтрыманне, чым у штрафным ізалятары, у якім амаль два месяцы знаходзіўся Зміцер, — лічыць Палажанка. — 

У ПКТ ён можа чытаць, пісаць лісты.
Гэта значыць умовы ў ПКТ набліжаны да камеры ў СІЗА на Валадарскага».

Дашкевіч у першым лісце Палажанцы напісаў: «Мне дазволілі пісаць, што ў мяне ўсё добра! Пішу: у мяне ўсё добра!»

«Я ведаю Змітра, і дадатковых слоў, каб зразумець тое, што ён хацеў змясціць тут, мне не трэба. Усе, хто калі-небудзь знаходзіўся ў зняволенні і прайшоў праз цэнзуру сваіх паведамленняў, ведаюць, як і што трэба пісаць, каб твае лісты ўсё ж убачылі блізкія. Дзмітрый не губляе сіл і ніякім чынам не хоча турбаваць нас», — сказала Палажанка.

Яна паведаміла, што атрымала ад Змітра два лісты адначасова. «У другім лісце Дашкевіч піша, што, магчыма, пераводам яго ў СІЗА і ПКТ адміністрацыя калоніі рыхтуе ў дачыненні да яго яшчэ адну справу — на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Санкцыі згодна з гэтым артыкулам прадугледжваюць пазбаўленне волі да двух гадоў», — адзначыла Палажанка.

Паводле яе слоў,

Дашкевічу забаранілі атрыманне перадач і абмежавалі магчымасць штосьці набываць у мясцовым магазіне, дазволіўшы траціць толькі 35 тысяч рублёў да канца ўсяго тэрміну.
«Дашкевіч таксама паведаміў, што да яго ніхто не звяртаўся ні з якімі прашэннямі аб памілаванні, але дадаў:
«Я нездарма ўзяў гэты крыж, каб так проста здавацца», —
сказала нявеста палітыка.

Зміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым былі затрыманы ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Іх абвінавацілі ў збіванні двух мінчан. Затрыманне маладых палітыкаў прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў і падрыхтоўку акцыі апазіцыі. 24 сакавіка суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?