20 жніўня з 13.00 да 17.00 у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага грамадскае аб’яднанне абароны жывёл «Эгіда» правядзе акцыю па бясплатнай раздачы бяздомных жывёл.

Як паведаміла старшыня ГААЖ «Эгіда» Наталля Бялянава, мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня абароны жывёл, які адзначаецца 16 жніўня.

Мэта акцыі — дапамагчы бяздомным сабакам і кошкам уладкавацца ў сем’і, прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы кінутых жывёл.

Ахвотныя набыць гадаванца змогуць выбраць прыкладна з 70 дарослых сабак і 40 катоў. Усе яны прышчэпленыя і стэрылізаваныя, маюць пашпарты. Будучыя гаспадары таксама павінны прынесці з сабой пашпарт, ашыйнік і павадок для сабакі або пераноску для ката. Пры жаданні яны змогуць атрымаць бясплатную кансультацыю ветэрынара.

Падчас акцыі таксама можна будзе дапамагчы бяздомным жывёлам, пакінуўшы для іх у спецыяльнай палатцы корм, амуніцыю, лекі, пераноскі, напаўняльнікі.

Арганізатары таксама прадугледзелі забаўляльную праграму: выступленне дуэта «Аляксандра і Канстанцін», спаборніцтвы для сабак па аджыліці, конкурс на лепшы касцюм.

Як адзначыла Бялянава, у апошнія гады колькасць падобных акцый «Эгіды» ўзрасла з двух да чатырох-пяці штогод. Мерапрыемствы аказваюцца вельмі выніковымі: мінімальная колькасць уладкаваных у сем’і жывёл за адну акцыю — 42, максімальная — 96. «Але нават калі б нам удавалася знайсці гаспадароў усяго для дзясятка жывёл, акцыя б мела сэнс», — сказала старшыня ГААЖ «Эгіда». Паводле яе слоў, падчас акцый людзі лішні раз звяртаюць увагу на праблему бяздомных жывёл, многія пасля гэтага рэкамендуюць сваім сябрам і знаёмым забіраць сабак і кошак з прытулку, а не купляць іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?