Старшыня "Эксімбанка Кітая" Лі Жогу прапанаваў Беларусі больш актыўна выкарыстоўваць кітайскія юані ў якасці валюты доўгатэрміновых інвестыцыйных крэдытаў.

Пра гэта ішла гаворка 18 верасня ў Мінску на сустрэчы кіраўніка кітайскага банка з намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Анатолем Тозікам.

Акрамя гэтага, як паведаміла прэс-служба беларускага ўрада, Лі Жогу пацвердзіў гатоўнасць банка ўзяць удзел у праекце па стварэнні кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, аказаць крэдытную падтрымку кітайскім кампаніям, якія плануюць інвеставаць у эканоміку Беларусі, у тым ліку шляхам удзелу ў прыватызацыі.

У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі такіх буйных кітайскіх кампаній, як СССС (Кітайская кампанія па будаўніцтве камунікацый), "Сінагідра", ZTE, СNMI (Кітайская нацыянальная кампанія машынабудавання), ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу СAMC", CNCE Group Corporation (Кітайская нацыянальная хімічная інжынірынгавая карпарацыя). Ад беларускага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, адказныя за рэалізацыю ў Беларусі сумесных з кітайскімі кампаніямі інвестпраектаў.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі працэс падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў "Эксімбанка Кітая", акрэслілі праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння, адзначыла прэс-служба. Найважнейшыя сярод такіх праектаў — будаўніцтва трох цэментных заводаў, энергаблокаў на Бярозаўскай і Лукомльскай ДРЭС, заводаў па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы і па вытворчасці кальцыніраванай соды, рэканструкцыя нацыянальнага аэрапорта і будаўніцтва другой узлётнай паласы, стварэнне інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінска, электрыфікацыя ўчасткаў беларускай чыгункі. Бакі дамовіліся інтэнсіфікаваць працу па рэалізацыі гэтых інвестыцыйных праектаў у мэтах іх завяршэння ў вызначаныя тэрміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?