Да адзінаццаці і дзевяці гадоў пазбаўлення волі Мінскім гарадскім судом прыгавораны два школьнікі, жыхары сталіцы, за забойства з асаблівай жорсткасцю бамжа.

Як паведамілі ў пракуратуры Мінска, злачынства было ўчынена вечарам 25 жніўня 2010 года ў раёне вуліцы Солтыса. Шаснаццацігадовыя школьнікі, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, збілі да смерці 38-гадовага цвярозага бамжа.

У даведцы аб выніках праведзенага расследавання гаворыцца, што падлеткі, «маючы намер на пазбаўленне жыцця, усведамляючы, што, наносячы вялікую колькасць цялесных пашкоджанняў пацярпеламу, прычыняюць яму асаблівыя пакуты, гэта значыць дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, беспрычынна, імкнучыся прадэманстраваць сваё зняважлівае стаўленне да агульнапрынятых правілаў паводзінаў, а таксама выказаць сваю ўсёдазволенасць і праявіць нічым не апраўданую агрэсію, гэта значыць з хуліганскіх меркаванняў,

нанеслі яму мноства ўдараў рукамі і нагамі па целе, у тым ліку ў жыццёва важныя органы — галаву, шыю, грудную клетку, жывот».

Пакінуўшы на некаторы час бамжа ў спакоі, школьнікі затым вярнуліся да збітага мужчыны «і, працягваючы рэалізацыю свайго намеру на пазбаўленне жыцця пацярпелага,

зноў нанеслі яму мноства ўдараў рукамі і нагамі па целе, у тым ліку ў жыццёва важныя органы — галаву, грудную клетку, жывот, а таксама неаднаразова скакалі на цела пацярпелага».

Акрамя таго, адзін з падлеткаў нанёс бамжу мноства ўдараў драўлянай палкай па целе, у тым ліку ў жыццёва важныя органы, а таксама, выкарыстоўваючы запальніцу, падносіў агонь да яго палавога члена. Менавіта гэты школьнік за забойства, а таксама два крадзяжы сотавых тэлефонаў прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў дзіцячай папраўчай калоніі.

Яго саўдзельнік правядзе дзевяць гадоў у дзіцячай выхаваўчай калоніі.

Прыгавор Мінскага гарадскога суда быў абвешчаны 31 студзеня 2011 года. Цяпер ён набыў моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?