«Нам яшчэ давядзецца аналізаваць тое, што адбылося, але гэта ўрок, — сказаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. — Але нам не хапае матчаў такога ўзроўню».

«Каб у нас было некалькі такіх матчаў узроўню «Барселоны», ці хаця б на ўзровень ніжэй, то нам бы ўдалося супрацьстаяць «Барселоне», а так каманда ўключыла фантастычную хуткасць, і мы з ёй не справіліся», — сказаў галоўны трэнер беларускага клуба.

«Вынік непрыемны, але я не магу пусціць крытычныя стрэлы ў адрас каманды. Мы гулялі з «Барселонай», — падкрэсліў Ганчарэнка.

Ён зазначыў, што каманда дапусціла шмат памылак, і супраць каталонскага клуба не спрацаваў «план Б», пра які ён казаў на перадматчавай прэс-канферэнцыі [мелася на ўвазе, што ў выпадку прапушчанага мяча БАТЭ памяняе стыль гульні — НН].

Сп. Ганчарэнка зазначыў, што калі раней «Барселона» часам давала супернікам пагуляць у футбол, арганізаваць контратакі, цяпер гэта робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Сёння БАТЭ паспрабавала гуляць на контратаках, але з гэтага нічога не атрымалася.

Галаўкам БАТЭ адмовіўся каментаваць гульню маладых гульцоў, што выйшлі на замену — Кірыла Алексіяна і Вадзіма Курловіча (Алексіян вельмі ажывіў атаку беларускага клуба і некалькі разоў пагражаў чужым варотам), зазначыўшы, «што маладыя атрымалі порцыю досведу».

Трэнер «Барселоны» Хасэп Гвардыёла першым прыйшоў на прэс-канферэнцыю, але зрабіў гэта з сур’ёзным спазненнем: праз паўгадзіны пасля заканчэння гульні. Палова яго прэс-канферэнцыі зноў прайшла на каталанскай мове, што ўрэшце вывела з сябе беларускага журналіста «Асашыэйтэд Прэс», які двойчы апеляваў да Гвардыёлы і прэс-сакратара гасцей.

Урэшце прэс-сакратар «Барсы» «зрабіў ласку», і «спецыяльна» для беларускага карэспандэнта АП пераклаў Гвардыёлу з каталанскай на англійскую.

Гвардыёла зазначыў,

што няглядзечы на лік 5:0, гэта быў не зусім просты матч, што першыя хвіліны каманды змагаліся, але пасля 0:2 «БАТЭ пайшоў уразнос»
. У сваёй прамове на каталанскай ён чамусьці згадаў прозвішча Мілеўскага.

Чаму, гэта так і засталося загадкай.

Затым адзначыў у беларускай камандзе Кежмана і Брэсана.

Задалі журналісты і пытанне: «Чаму ў Барселоне не прыжыўся Аляксандр Глеб?».
Гвардыёла адказаў, што Глеб не часта выходзіў на поле, яго перабыванне на другіх ролях і не найлепшыя кандыцыі прывялі да таго, што беларус мусіў пакінуць «сіне-гранатавых».
Каталанскі патрыятызм досыць арганічна глядзеўся на матчы.
Сцягі Каталоніі, суддзя-інфарматар, які аб'явіў склад «Барсы» на каталанскай. На гэтым фоне дастаткова дзіўна было чуць гімн БАТЭ па-расійску і ўсе песні пра каманду.

Цікава, Гвардыёла, Месі, Хаві і кампанія адчулі, што яны прыяжджалі ў Беларусь, ці гэта для іх была ўскраіна Расіі?

* * *

Што наконт апладысментаў падчас матчу?

Заўзятары калі і апладзіравалі, то спачатку БАТЭ, затым у другой палове гульні Кірылу Алексіяну, які вельмі добра ўпісаўся ў гульню, а затым «Барселоне» і персанальна Ліянелю Месі.

Разыходзіліся заўзятары злыя і мокрыя ад дажджу, які пачаўся ў першай палове гульні і да перапынку ператварыў газон у поле для воднага пола. Праўда, аказалася, што і ў водным пола «Барселона» узяла верх.

Зазначым, што ў сераду БАТЭ атрымала самую буйную паразу ў Лізе чэмпіёнаў, прычым на сваім полі. Было 1:7 ад «Лакаматыва» ў Барысаве ў 1999 г., але гэта быў Кубак УЕФА. Таксама было 0:4 ад «Мілана» ў 2000 г., але гэта таксама было ў Кубку УЕФА.

* * *

БАТЭ – Барселона – 0:5 (0:3, 0:2).

Галы: 0:1 – Валадзько (19, аўтагол), 0:2 – Педра Радрыгес (22), 0:3 – Месі (38), 0:4 – Месі (56), 0:5 – Вілья (90).

БАТЭ: Гутар, Бардачоў, Філіпенка, Сіміч, Бага, А.Валадзько, Аляхновіч, Канцавы, Брэсан (Курловіч, 82), Рудзік (Алексіян, 60), Кежман (Скавыш, 56).

БАРСЕЛОНА: Вальдэс, Даніэл Алвес, Пуёль, Абідаль (Адрыану, 61), Хаві (Фабрэгас, 60), Алькантара, Маскерана, Кейта, Вілья, Месі, Педра Радрыгес (Максвел, 69).

Папярэджанні: Даніэл Алвес (77), Сіміч (81).

***

У сераду ў нашай групе «Мілан» перамог «Вікторыю» з лікам 2:0.

Пасля 2-х тураў: Барселона — 4 (розніца мячоў 7–2), Мілан — 4 (4–2), Вікторыя — 1 (1–3), БАТЭ — 1 (1–6).

Наступныя дзве гульні БАТЭ правядзе з «Міланам»: 19 кастрычніка ў Італіі, 1 лістапада — у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?