Дзесяць членаў сойма Партыі БНФ былі выкліканыя на допыт у Цэнтральнае РУУС Мінска.

«Вечарам 3 кастрычніка ў офіс партыі былі дастаўленыя позвы, у адпаведнасці з якімі следчы Інга Патапенка выклікала ў той жа дзень для допыту ў якасці сведак дзесяць членаў кіраўнічага органа партыі», — паведаміў член сойма Вадзім Канапацкі.

Пры гэтым, паводле яго слоў, позвы не маюць паштовага штэмпеля і марак, а таксама былі дастаўленыя ў штаб-кватэру партыі значна пазней запісанага ў іх часу, прызначанага для дачы паказанняў.

Канапацкі паведаміў, што ў позвах не ўказана, па якой справе выклікаюцца члены партыі. На яго думку, масавы выклік да следчага можа быць звязаны з крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да трох членаў сойма Партыі БНФ.

***

Як паведамлялася, Алесь Каліта, Максім Губарэвіч і Сяргей Семянюк падазраюцца ў збіванні ахоўніка будынка, дзе размяшчаецца офіс Партыі БНФ. Інцыдэнт адбыўся 13 жніўня непасрэдна перад пачаткам пасяджэння сойма партыі.

Як заявіў Канапацкі, кіраўніцтва партыі разглядае масавы выклік на допыт як палітычна матываваны ціск на апазіцыйную арганізацыю. «І спроба прыцягнення да крымінальнай адказнасці трох членаў сойма, і гэты выклік на допыт з’яўляюцца часткай планамернай кампаніі па націску на Партыю БНФ. У апошні час мы бачым з боку ўлады актывізацыю пераследу палітычных апанентаў», — сказаў Канапацкі.

Ён таксама паведаміў, што ні адзін з выкліканых членаў сойма не з’яўляецца штатным супрацоўнікам выканаўчых органаў партыі, а большасць нават не жывуць у Мінску.

Паводле яго слоў, позвы былі «пакінутыя без руху», а на адрас Цэнтральнага РУУС Мінска дасланы ліст з прапановай накіроўваць позвы належным чынам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?