Карпарацыя Apple прэзентавала новую версію iPhone. iPhone 4S слухаецца галасавых камандаў і захоўвае дакументы ў «воблаку». Акрамя таго, новы Apple можа змяніць ўяўленні пра пошук у інтэрнэце.

Прэзентацыя новага iPhone прайшла ў штаб-кватэры Apple у Купертына. Упершыню яна прайшла без хворага Стыва Джобса. У выніку акцыі Apple пайшлі ўніз.

Смартфон новага пакалення будзе працаваць на базе аперацыйнай сістэмы Apple iOS 5. Ад папярэдняга iPhone чацвёртага пакалення навінка адрозніваецца больш магутным працэсарам A5, як у iPad 2, а таксама 8-мегапіксельнай камерай, якая зможа здымаць ва ўмовах дрэннага асвятлення.

У той жа час выгляд iPhone 4S амаль не адрозніваецца ад папярэдняй мадэлі.

Новы iPhone будзе падтрымліваць анлайн-сэрвіс Apple iCloud, які дазваляе захоўваць дадзеныя на інтэрнэт-серверах Apple і аўтаматычна сінхранізаваць файлы з усімі прыладамі карыстальніка — смартфонамі, планшэтамі і камп’ютарамі вытворчасці Apple.

Дадаткі, якія падтрымліваюць iCloud, аўтаматычна дасылаюць новыя дакументы ў «воблака».

Apple застаецца лідарам рынка смартфонаў. Алё з ім канкуруе Android ад Google.

Маркетолагі Apple назвалі новую прэзентацыю «Let’s talk iPhone», бо новая версія гаджэта моцна прасунулася ў тэхналогіях распазнання голасу.

У iPhone 4 ужо ёсць функцыя галасавога кіравання. Гэта базавая тэхналогія, якая дазваляе з дапамогай пададзенай голасам каманды набіраць нумары абанентаў з адраснай кнігі і прайграваць музычныя кампазіцыі з плэйліста.

Новыя функцыі галасавога кантролю ад Apple дазваляюць карыстальнікам даваць свайму тэлефону ўказанні даслаць электронную пошту, зрабіць пазнаку ў календары — напрыклад, прызначыць сустрэчу на канкрэтныя дату і час — або знайсці патрэбны сайт у інтэрнэце.

У Apple даўно працуюць спецыялісты па маўленчай камунікацыі. Летась карпарацыя купіла фірму Siri, якая распрацавала механізм браніравання авіябілетаў і вольных столікаў у рэстаранах праў інтэрнэт з дапамогай галасавых каманд. Таксама Apple магла выкарыстоўваць тэхналогіі кампаніі Nuance Communications, якая працуе над праграмамі па пераводзе вуснага маўлення ў друкаваны тэкст.

Дарэчы, Google таксама дазваляе рабіць вусныя запыты і ўжо ўмее трансфармаваць вымаўленыя фразы ў друкаваны тэкст. Далейшыя распрацоўкі ў гэтым кірунку могуць перавярнуць свет камп’ютараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0