Вечарам 6 кастрычніка пасля 15-сутачнага арышту і галадоўкі вызваліўся з ІЧУ гомельскі апазіцыянер Канстанцін Жукоўскі. У актывіста зламана нага, яна ў гіпсе.

Сябрам і калегам актывіста, якія яго чакалі каля ізалятара ў 18.50, адміністрацыя ІЧУ заявіла, што Жукоўскага ўжо павезлі міліцыянеры ў Цэнтральны РАУС. Сябры паехалі ў аддзел міліцыі, а тым часам апазіцыянер выйшаў на волю.

«Яшчэ ў 18.00 па мяне прыехалі з Цэнтральнага РАУС, сказалі, што я павінен паехаць з імі. Але я адмовіўся, заявіўшы, што буду да канца арышту, 18.50, знаходзіцца ў ізалятары. А калі я ім так патрэбен, хай чакаюць каля варот, хапаюць і складаюць чарговы ліпавы пратакол», — расказаў пасля вызвалення Жукоўскі.

Ён дадаў, што ў бальніцу яго прывезлі адразу пасля суда і там вызначылі, што нага зламана.

«Прычым хітра вызначылі — урачы сказалі, што яна зламана даўно.
Хоць мне яе зламалі спецназаўцы, калі затрымлівалі. Да гэтага ў мяне праблем з нагой не было, яна не балела», — адзначыў апазіцыянер.

Пры знаходжанні ў ІЧУ ён галадаў, пакаранне адбываў у адзіночнай камеры, напісаў шмат заяў у пракуратуру, у прыватнасці аб змене меры стрымання ў сувязі з хваробай. Таксама ён прасіў пракуратуру пакараць супрацоўнікаў спецназа, якія яго збілі і зламалі нагу. Адказаў на свае скаргі Жукоўскі пакуль не атрымаў. Але ўжо пасля выхаду з ізалятара атрымаў позву: з’явіцца 7 кастрычніка ў пракуратуру Цэнтральнага раёна. Хутчэй за ўсё, выклік у пракуратуру звязаны з тым, што Жукоўскі з’яўляецца адным з арганізатараў ініцыятывы апазіцыі «Народны сход» у Гомелі.

Апазіцыянер быў затрыманы 21 верасня з ужываннем грубай фізічнай сілы. Яго даставілі ў ІЧУ, адкуль вазілі ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі.

Характэрна, што ў бальніцы не заўважылі пералому.
На судзе Жукоўскі таксама скардзіўся на болі ў назе і прасіў аказаць яму медыцынскую дапамогу.

22 верасня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка прызнала Жукоўскага вінаватым ва ўчыненні правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 17.1 і 23.4 КоАП (нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы і непадначаленне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Пакараннем суд вызначыў арышт на 15 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?