Першая лэдзі ЗША Мішэль Абама ў аўторак разам з 400 школьнікамі скакала ў Ружовым садзе Белага дома, удзельнічаючы такім чынам ва ўсталяванні новага сусветнага рэкорду па колькасці людзей, што скачуць адначасова.

«Я першая лэдзі, так што мне даводзіцца рабіць нямала цікавага, але гэта неверагодна. Ніколі ў сваім жыцці я не думала, што буду спрабаваць пабіць рэкорд кнігі рэкордаў Гінэса. Ініцыятыва Let’s Move! (ініцыятыва па барацьбе з дзіцячым атлусценнем) — яна якраз створаная для таго, каб дзеці елі здаровую ежу, рухаліся, вялі актыўны лад жыцця і дзякуючы гэтаму былі гатовыя да жыцця і ўсіх цяжкасцяў, якія ім давядзецца перажываць», — сказала Абама перад пачаткам эксперыменту.

Ініцыятарам спробы паставіць новы сусветны рэкорд выступіў часопіс National Geographic Kids. Цягам 24 гадзін узяць удзел у акцыі мусілі больш за 20 тыс. 425 чалавек.

Праграма Let’s Move! скіраваная на змяненне традыцыйнай працы амерыканскіх школ, звычак дзяцей і прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы дзіцячага атлусцення і лішняй вагі, на якую пакутуе каля траціны школьнікаў у ЗША.

Да рэалізацыі праграмы прыцягнутыя ўрадавыя арганізацыі, навукоўцы, медыкі, бізнэсоўцы, адукацыйныя ўстановы, спартоўцы і грамадскія арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?