Пан Лукашэнка зрабіў наступны крок, які стварае ўражаньне, што ён зьбліжаецца са сьветам. Пасьля прыняцьця ў Менску спадара ван дэр Ліндэна, кіраўніка ПАРЭ, ён даў інтэрвью нямецкаму штотыдзёньніку Вэльт. Калі, каментуючы сітуацыю вакол падвышэньню коштаў на газ ды газава‑нафтавай блякады, ён заявіў, што «Расея мае намер растаптаць гэты братэрскі саюз, а Эўропа ды ЗША павялі сябе ў гэтай сітуцыі прыстойна» — у мяне ледзьве не здарыўся адвал башкі. Як даўно мы не чулі такіх слоў. Ну, зараз пачнецца лібералізацыя. Зараз будзе Піначэтаўскі варыянт: ён будзе лібералізаваць эканоміку дзеля захаваньня ўлады. І магчыма, нават Саўбелія прыпыніць нясьці бязглуздзіцу ды ставіць вартыя савецкага часу здымкі «передовиков производства, которые намолотили на 10 процентов больше сена». Менавіта ў такае фармулёўцы.

Але ж «наш народ не гатовы для дэмакратыі». «Барані нас бог ад той волі, што ёсьць ва Ўкраіне». «СМІ могуць зьнішчыць як таталітарную сістэму, так і дэмакратычную», «у нас эўрапейскія каштоўнасьці, і як Эўропа, мы будуем сацыялістычную дзяржаву, з трохі мацнейшым уплывам дзяржавы на эканоміку». А сапраўды, мо мы як Вялікая Брытанія ці Швецыя, зь іх ненармальным падаткавым узроўнем? Вось толькі ў Швецыі сумарны падатковы ладунак складае 60 адсоткаў, а у нас — калі шчыра выплочваць усё — ля 110…

Я гляджу на тых старых, што едуць у аўтобусе разам са мною. У Цьбілісі ці Тэгеране у маршрутках ды метро я бачыў большасьць маладых твараў. Твараў поўных жыцьця, надзей, чаканьняў. У тбіліскім метро ці тэгеранскіх аўтобусах, нават пад іх пасьційнымі, абрыдлымі мне дажджамі не сумна — бо там заўжды сьмяюцца. А у нас моладзі значна меней, а тыя, хто едзе — нейкія маўклівыя і не выражаюць сваіх эмоцыяў. І такія старыя, якія едуць у аўтобусах, звыклыя да той стабільнасьці дрыгвы, што ў нас ёсьць. Любая зьмена для іх будзе катаклізмам. Яны вераць таму, што дзяржава лепей ведае. Ім гэта гаварылі ўсё жыцьцё.

Пан Лукашэнка стварыў дзяржаву для старых. Ён ня можа пачаць эканамічную лібералізацыю, бо гэта ідзе супраць яго электарату. Ён абмяжуецца гасламі. Магчыма, парай вызытаў ван дэр Іншых да нас. Гэтага хопіць электарату. Для моладзі ў «Белоруссии» няма месца. У гэтым сэньсе дэмаграфічная крыза яму вельмі прыдатная — бо ён не рызыкуе атрымаць 50 адсоткаў насельніцтва ва ўзросьце да 30 год. Ваенкаматы захлынуцца, і будзе ўвогуле як у Тэгеране ў 2003‑ім.

Мы павінны думаць пра нашых бабуль ды дзядуль. Але ці значыць, што мы павінны пакідаць ім права вырашаць нашае жыцьцё за нас? Так, кіраваныя старэйшынамі сістэмы Чачэніі ці Аўганістану не прынесьлі вайны — вайну распачала моладзь ды амбітныя вархолы. Але гэтыя краіны таксама не сягнулі выключнага разьвіцьця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?