Былы кандыдат у прэзідэнты, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у бабруйскай калоніі № 2 рыхтуе скаргу на свой прыгавор у Вярхоўны суд Беларусі. Пра гэта паведаміла жонка Саннікава Ірына Халіп.

Паводле яе слоў, 27 кастрычніка Саннікава наведаў адвакат, з якім экс-кандыдат у прэзідэнты рыхтаваў скаргу.

Халіп таксама сказала, што Саннікаў знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). «Пакуль ён сядзіць у камеры адзін. Але ПКТ — гэта „жывы арганізм“. І калі сёння Саннікаў пакуль адзін, то заўтра да яго могуць пасадзіць каго-небудзь яшчэ», — зазначыла Халіп.

Яна падкрэсліла, што Саннікаў апасаецца правакацый з боку адміністрацыі калоніі.

«З ім кіраўніцтва калоніі ўжо заводзіла размову пра тое, каб ён напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, аднак Андрэй гэтыя размовы не падтрымлівае.
Ён апасаецца правакацый, як гэтага апасаюцца, напэўна, большасць палітзняволеных. Кіраўніцтва калоніі, я думаю, можа пайсці на нейкія такія дзеянні, каб прымусіць Андрэя напісаць прашэнне аб памілаванні», — мяркуе Халіп.

Што да стану здароўя Саннікава, то жонка паведаміла, што

ў яго абвастрыліся праблемы з суставамі і спінай.
«Гэта, хутчэй за ўсё, вынік нядаўніх халадоў. Але яму робяць уколы, на медыцынскую дапамогу Саннікаў не скардзіцца. Ён сказаў адвакату, што яна аказваецца па першым патрабаванні», — зазначыла Халіп.

Паводле яе слоў,

праверка па заяве Саннікава аб пагрозе яго жыццю і здароўю пакуль не праведзена.
Таксама Халіп яшчэ не атрымала дазволу на перадачу рэчаў для былога кандыдата ў прэзідэнты.

14 мая суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат у прэзідэнты прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Раней ён адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10, аднак потым быў пераведзены праз следчы ізалятар № 4 Магілёва ў бабруйскую калонію № 2.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?