Намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно ўпэўнены, што ў краіне няма праблем з беларускай мовай. Пра гэта ён заявіў 1 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Гомелі,
дзе з 31 кастрычніка па 7 лістапада праходзіць заключны этап алімпіяды беларускіх і расійскіх школьнікаў «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць».

На пытанні журналістаў адказалі арганізатары мерапрыемства і члены журы алімпіяды. Гомельскія журналісты пацікавіліся, чаму ў конкурсныя заданні не ўключылі хаця б элементы на беларускай мове, раз гаворка ідзе пра ўзаемаабагачэнне дзвюх культур. Пры гэтым праграма заключнага этапу алімпіяды ўключае напісанне сачынення і выкананне комплекснай працы па рускай мове і літаратуры і творчыя конкурсы. Таксама прагучалі пытанні аб ролі беларускай мовы.

Казімір Фарыно выказаў меркаванне, што зараз у моладзі вялікая цікавасць да беларускай мовы. «Сёння такія вось правакацыйныя пытанні не маюць пад сабой падстаў,

у нас роўная колькасць гадзін на вывучэнне як беларускай, гэтак і рускай моў»,
 — заявіў намеснік міністра.

«Сёння праблемы білінгвізму цяжкія і больш напружаныя для нас, чым для расіян, у нас дзве мовы па Канстытуцыі, абавязковыя для вывучэння.

Проста іншы раз асобныя факты падаюцца гіпертрафавана. Не трэба хвалявацца, ці знікне беларуская мова і літаратура, таму што дзяржава падтрымлівала і падтрымлівае ўсё наша нацыянальнае, айчыннае, усё, што створана тут самае лепшае»,
— сказаў Фарыно.
Яго падтрымаў кіраўнік прадстаўніцтва пастаяннага камітэта саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец. Ён прапанаваў «не падаграваць штучна дыскусію». «Урэшце, што такое мова? Гэта сродак зносінаў, а мы пачынаем палітызаваць гэту сферу. Калі мова сродак зносінаў, і мы разумеем адзін аднаго — дык хоць на іўрыце. Але ў нас няма такіх прыкладаў, калі заціскаюць нейкую мову іншай мовай. Вось успомнім 10–15 гадоў таму: было вой-вой беларуская мова-беларуская мова.
Каго сёння сілай заціснулі? Ёсць свабодны выбар», — мяркуе Забалоцец.

На прапанову ўнесці ў алімпіяду заданні на беларускай мове адрэагавала і старшыня журы алімпіяды доктар педагагічных навук Ларыса Мурына [выкладчыца рыторыкі на філфаку БДУ, якая займалася гэтым прадметам з Лукашэнкам, калі ён стаў прэзідэнтам. Пасля гэтага яе прызначылі дэканам філфака замест беларускамоўнага прафесара Лойкі. — Рэд.]. «У нас жа лінгвакультуралагічны падыход да вывучэння мовы, у нас усе кампаненты беларускай культуры прысутнічаюць ва ўсіх нашых падручніках рускай мовы, у нас беларускія падручнікі, руская мова — але ў Беларусі», — растлумачыла доктар навук.

У Гомель на заключны этап алімпіяды прыехалі прыкладна 170 школьнікаў з 19 рэгіёнаў Расіі, а таксама з беларускіх абласцей. Алімпіяда «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» праводзіцца шосты раз. На мерапрыемства з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена 5,5 млн. расійскіх рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?