Беларускім НПЗ засталося крыху больш за месяц чакаць высвятлення перспектываў работы на ўкраінскім рынку.
У канцы снежня Украіна павінная канчаткова вызначыцца, уводзіць ці не ўводзіць мыты на імпартныя нафтапрадукты. Між тым беларускі бок разам з Еўрапейскім саюзам ужо прыгразілі Украіне ў адказ мерамі, калі мыты ўсё ж будуць уведзеныя.

Тэма мытаў на імпартныя нафтапрадукты мусіруецца ўкраінскім бокам амаль год, і, як адзначаюць украінскія эксперты, з непасрэдным удзелам расійскіх нафтавікоў. Менавіта яны актыўна лабіруюць увядзенне мытаў на бензін у памеры 130 еўра за тону і 80 еўра за тону на дызпаліва.

Сярод галоўных лабістаў аналітыкі называюць ТНК-ВР, якая валодае найбуйнейшым украінскім НПЗ у Лісічанску. Пры падтрымцы чыноўнікаў Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны і мясцовых фінансава-эканамічных груп нафтавікі спрабуюць пасунуць імпарцёраў, якім сёння належыць больш за 50% рынку нафтапрадуктаў Украіны.

«І ў гэтым працэсе задзейнічаныя сур’ёзныя сілы.

Расійскія кампаніі вялікія і багатыя, і з іх боку робіцца сур’ёзны ціск на ўкраінскі ўрад. Нафтавікі лабіруюць увядзенне мытаў, бо гэта прывядзе да рэзкага росту прыбытку нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Украіны», — тлумачыць галоўную мэту лабістаў дырэктар кансалтынгавай кампаніі А-95 (Кіеў) Сяргей Куюн.

З гэтай прычыны на цалкам законных падставах Украіна яшчэ ў пачатку года пачала спецыяльнае расследаванне што да росту долі імпартных нафтапрадуктаў і дэмпінгу з боку перш за ўсё беларускіх НПЗ. Украінскія нафтавікі перакананыя, што беларускія НПЗ (у асноўным Мазырскі НПЗ) пастаўляюць нафтапрадукты на ўкраінскі рынак па дэмпінгавых цэнах дзякуючы таму, што ў межах Мытнага саюза купляюць нафту ў Расіі танней, чым украінскія НПЗ.

Усе аргументы аб тым, што ўмовы паставак расійскай нафты нельга назваць льготнымі, бо беларускія заводы плацяць прэмію пастаўшчыкам нафты (40–45 даляраў за тону) і пералічваюць у расійскі бюджэт мыты ад экспарту нафтапрадуктаў, пакуль не дзейнічаюць.

Беларуская нафтаперапрацоўка сёлета не жыруе, а перажывае цяжкія часы. Паводле інфармацыі крыніц у «Беларуснафце», толькі па выніках 9 месяцаў нашыя НПЗ змаглі выйсці на нулявую рэнтабельнасць. Каб пазбегнуць паўтарэння сітуацыі, калі паўгода заводы працавалі са стратамі, беларускі бок дамагаецца ад Расіі зніжэння нафтавай прэміі на 50% — да 20 даляраў за тону.

Але канчаткова ўсе аргументы «за» і «супраць» украінскай бокам будуць узважаныя да 21 снежня, калі мае завяршыцца расследаванне. Але якім будзе рашэнне, аналітыкі сказаць пакуль не могуць. Бо акрамя прыхільнікаў ідэі абкласці імпарцёраў нафтапрадуктаў мытамі ёсць і праціўнікі — Мінэканомікі і Мінюст Украіны.

«Яны разумеюць, што дадзенае рашэнне моцна ўдарыць перш за ўсё па ўкраінскіх спажыўцах у выглядзе росту цэн на нафтапрадукты, што непажадана, улічваючы агульнаэканамічныя праблемы ў краіне», — адзначае Сяргей Куюн.

Безумоўна, рост цэнаў на нафтапрадукты прывядзе і да росту цэнаў на транспартныя паслугі ва Украіне. І ланцужок падаражэнняў на гэтым не скончыцца. Акрамя таго, узнікне і іншая праблема: украінскія спажыўцы сутыкнуцца з дэфіцытам якасных нафтапрадуктаў.

Між тым увядзенне мытаў на нафтапрадукты і зачыстка рынку могуць прывесці да больш глабальных праблемаў для ўсёй украінскай эканомікі.

«Украіна — сябра СГА, у рамках якой выразна прапісанае ўзаемадзеянне з іншымі краінамі ў такіх умовах. Мыты і іншыя спецмеры з’яўляюцца цывілізаваным механізмам абароны ўнутранага вытворцы. Але цывілізаванай з’яўляецца і рэакцыя ў адказ пацярпелых бакоў, якія маюць права ўвесці меры ў адказ на суму панесенай шкоды», — адзначае Сяргей Куюн.

Пра гатоўнасць прымусіць Украіну кампенсаваць панесеныя страты ў выпадку ўвядзення імпартных пошлін на нафтапрадукты ўжо заявілі прадстаўнікі ЕС. Паводле ацэнак экспертаў, экспарт нафтапрадуктаў з ЕС ва Украіну складае каля 1 млрд даляраў.

«І ЕС мае поўнае права ўвесці меры ў адказ на эквівалентную суму. Я мяркую, што ў гэтым выпадку будуць закрануты такія важныя для Украіны галіны, як металургія, хімічная галіна», — канстатуе Сяргей Куюн.

Пра гатоўнасць адрэагаваць аналагічным чынам заявіла і Беларусь.
Украінскі рынак нафтапрадуктаў — адзін з найбольш прывабных і перспектыўных для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Летась доля беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку перавысіла 20%.

Паводле прыблізных падлікаў, увядзенне мытаў павялічыць выдаткі беларускіх НПЗ больш чым на 200 млн даляраў. Меры ў адказ з боку Беларусі прывядуць да таго, што пацерпіць хтосьці з украінскіх вытворцаў, перакананы Куюн.

Аднак ініцыятараў увядзення мытаў, лічыць эксперт, мала хвалююць пагрозы з боку ЕС і Беларусі. «Рашэнне, у якім яны зацікаўленыя, прынясе ім жывыя грошы, а рэакцыя суседзяў іх мала хвалюе», — адзначае ён.

Тым не менш, эксперт разлічвае, што ў выніку ключавым фактарам пры прыняцці рашэння па мытах стане нежаданне Украіны канфліктаваць з суседзямі: «Усе разумеюць, што гандлёвая вайна сёння не патрэбная ні нам, ні нашым суседзям».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?