Акадэмія МУС, якая базуецца ў цэнтры Мінска, задумалася пра пашырэнне. Многія жыхары з суседніх дамоў выступілі супраць гэтага праекта.
Тады заказчык арганізаваў галасаванне, якое прайшло, як высветлілася, у «ярмошынскім» стылі.

Галоўны міліцэйскі ВНУ краіны хоча пашырацца. Тлумачыцца гэта тым, што курсантам факультэта міліцыі не хапае плошчаў, у адным пакоі жыве па 20 чалавек. Акадэмія МУС падрыхтавала праект канцэпцыі свайго развіцця і месяц таму прэзентавала яго некалькім дзясяткам жыхароў дамоў па вуліцы Чырвонай, праспектах Незалежнасці і Машэрава.

Але публіку прэзентацыя толькі разгарачыла. «Мы хочам адстаяць свой двор!» — патрабавалі людзі сталага ўзросту. «Едзьце ў Смалявічы і там будуйце сваю акадэмію», — не вытрымаў нехта.

У выніку ў гімназіі № 23 было зладжанае галасаванне (афіцыйна: «грамадскае абмеркаванне»),
падчас якога неабыякавыя ўдзельнікі спрэчкі маглі выказацца за або супраць праекта Акадэміі МУС. Паралельна жыхары дамоў, якія ўваходзяць у «трохкутнік» (вуліца Чырвоная — праспекты Незалежнасці і Машэрава), напісалі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Мінгарвыканкам і адміністрацыю Савецкага раёна, дзе выказалі свае аргументы супраць будаўніцтва ў іх дварах новых будынкаў.

— Унутры гэтага трохкутніка збіраюцца пабудаваць, акрамя іншага, 9-павярховы корпус. Будзе высечана шмат дрэваў, а для нашага дома (вул. Чырвоная, 16) ён зусім выключыць траплянне сонечнага святла ў вокны, — кажа мясцовая жыхарка Вольга Кароль. — Многія суседзі выказаліся супраць пашырэння Акадэміі МУС. Чыноўнікі, у сваю чаргу, стварылі працоўную групу, паставілі ў гімназіі скрыначку для галасавання…

Жыхары прагаласавалі. З двух дамоў было сабрана каля двухсот подпісаў. А днямі гэтыя людзі атрымалі адказ на свой зварот з адміністрацыі Савецкага раёна, у якім былі распісаныя вынікі. За два тыдні «паступіла 2766 зваротаў (з улікам калектыўных), «за» — 2499 чалавек, «супраць» — 277 чалавек».

— Ды ў нас тут такой колькасці жыхароў проста няма!
— пракаментавала вынікі галасавання Вольга Мікалаеўна. — Два невялікія дамы. У адным з іх — 27 кватэр, у другім — значна больш. Але ўсё роўна столькі людзей у іх жыць не можа. Тыя, хто прагаласаваў «супраць», — гэта і ёсць рэальныя мы, жыхары дамоў.
Затое суседзі бачылі, як з Акадэміі МУС курсанты рэгулярна хадзілі галасаваць групамі. Ці не гэта астатнія сотні?..

Мясцовыя жыхары збіраюцца зноў пісаць лісты, але ўжо індывідуальныя, у адміністрацыю Савецкага раёна. Іх хвалюе некалькі момантаў. Да прыкладу, яны хочуць ведаць прозвішчы тых, хто прагаласаваў, і нумары кватэр, у якіх тыя пастаянна пражываюць, і хто ўваходзіў у рабочую групу, якая арганізоўвала галасаванне, хто з жыхароў прысутнічаў пры падліку галасоў.

— Пакуль мы бачым, што гэта было не галасаванне, а абсалютная падтасоўка. Гэта абурае, маўчаць мы не будзем. Можа, нашы дзеянні і выглядаюць як бескарысныя высілкі, але проста так здавацца мы не збіраемся, — падагульніла Вольга Кароль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?