Стварэнне Еўразійскага саюза павысіць эканамічны патэнцыял Расіі і ўмацуе яе пазіцыі на міжнароднай арэне, заявіў прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў 27 лістапада на з’ездзе партыі «Адзіная Расія».

«Новы саюз прынясе не проста адчуванне нашай геапалітычнай велічы (што, вядома, таксама важна), але ён прынясе выгады, карысць кожнай расійскай сям’і, таму што павысіць наш эканамічны патэнцыял, дасць нам магчымасць умацаваць міжнароднае становішча Расіі на сусветнай арэне. А гэта становішча, і мы з вамі ведаем, яно было заслужана працай вялікай колькасці людзей на працягу многіх стагоддзяў», — цытуе расійскага лідара РІА Новости.

Ён заўважыў, што ў будучыні да Еўразійскага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана могуць далучыцца і іншыя дзяржавы.

«Я разлічваю, што ў далейшым і іншыя нацыі далучацца да нас, таму што наш праект — ён прыцягальны на ўмовах раўнапраўя, на ўмовах гістарычнай блізкасці, роўнасці эканомік»,
 — сказаў Мядзведзеў.

* * *

Нагадаем, 18 лістапада ў Маскве Дзмітрый Мядзведзеў, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў падпісалі Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, канчатковай мэтай якой абвешчана стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

Ідэю стварэння Еўразійскага саюза прапанаваў яшчэ ў 1994 годзе Нурсултан Назарбаеў.

Гэта ініцыятыва атрымала развіццё ў артыкуле прэм’ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна, апублікаваным 4 кастрычніка гэтага года ў расійскіх «Известиях». Пуцін зазначаў, што асновай для фарміравання Еўразійскага саюза будуць Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора, што ствараюцца трыма краінамі. Пры гэтым аўтар падкрэсліваў: Еўразійскі саюз не будзе ні новым СССР, ні заменай СНД — ён стане эфектыўнай «звязкай» паміж Еўропай і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам з цеснай каардынацыяй эканамічнай і валютнай палітыкі.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў думкі Пуціна. Разам з тым у яго артыкуле ў адказ у «Известиях» ад 17 кастрычніка зазначалася: пабудаваць Еўразійскі саюз — «справа няпростая». «Бо дасягнуўшы максімальна магчымага ўзроўню эканамічнай інтэграцыі, мы ўшчыльную падыдзем да неабходнасці стварэння трывалай сацыяльна-палітычнай надбудовы — з агульнымі каштоўнасцямі, прававой сістэмай, жыццёвымі стандартамі і арыенцірамі. Тут не абысціся без паступовага кансенсуснага фарміравання нейкіх наднацыянальных органаў, у тым ліку, магчыма, палітычных. Дапускаем, што ў такім выпадку ў практычную плоскасць пяройдзе і пытанне аб увядзенні новай адзінай валюты», — гаварылася ў артыкуле Лукашэнкі.

Пры гэтым беларускі кіраўнік падкрэсліў: «Разам з даверам кіраваць дзяржавамі нашы народы ўручылі нам і абавязак захаваць іх права самім распараджацца сваім лёсам. Зыходзячы з гэтага, мы павінны будаваць свае планы».

Варта зазначыць, што ідэя ўступлення Беларусі ў Еўразійскі саюз выклікала неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве. Так, напрыклад, Партыя БНФ аб’явіла аб пачатку бестэрміновай кампаніі супраць уваходжання Беларусі ў гэтае геапалітычнае аб’яднанне. У заяве партыі зазначаецца: «Авантурная і эканамічна некампетэнтная палітыка ўладаў прывяла да зневажальнай здачы часткі нацыянальнага, палітычнага і эканамічнага суверэнітэту на карысць гэтак званых наднацыянальных інтэграцыйных органаў, якія будуць поўнасцю кантралявацца Расіяй. Далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў, прадугледжанае падпісанымі 18 лістапада дакументамі, пагражае поўным знішчэннем незалежнасці нашай дзяржавы, растварэннем Беларусі ў будучым Еўразійскім саюзе, які ў заявах часткі расійскай палітычнай эліты расцэньваецца не іначай як «вялікая дзяржава рускага народа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?