28 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі прайшла прэзентацыя гісторыка-культурнага праекта «Слуцкія паясы — нацыянальная спадчына і гонар Беларусі». У ліку арганізатараў праекта — Міністэрства культуры і НММ.

Як заявіў дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў, праект прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У рамках праекта на суд гледачоў былі прадстаўлены настольны каляндар на 2012 год «Слуцкія паясы» РУП «Мінская друкарская фабрыка» Дзяржзнака і хранікальна-дакументальны фільм «Слуцкія паясы — знакі лёсу» РУП «Беларускі відэацэнтр».

«Гэта — вельмі знакавая падзея, для нас слуцкія паясы — гэта нацыянальны гонар, наш брэнд», — сказаў Пракапцоў. Ён нагадаў, што ў Беларусі слуцкіх паясоў захавалася няшмат. У НММ да нядаўняга часу два гады дэманстраваліся слуцкія паясы з Расіі. Цяпер вядуцца перамовы аб тым, каб у наступным годзе прывезці ў Беларусь паясы з Украіны і Літвы. У 2012 годзе таксама плануецца прэзентаваць сярэбраную манету, прысвечаную слуцкім паясам.

Паводле слоў Пракапцова, каляндар і дыскі з відэафільмам праекта будуць даступныя ў кіёсках музея. Яны таксама будуць распаўсюджвацца ў кніжных магазінах Беларусі.

Намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Мінскай друкарскай фабрыкі Дзяржзнака Людміла Віткевіч паведаміла, што каляндар выдадзены накладам 1,5 тыс. асобнікаў, ён ужо паступіў у продаж. Паводле яе слоў, стваральнікі календара імкнуліся да таго, каб пярэдні яго бок выглядаў як тканіна. «Мы пастараліся выкарыстаць спецыяльную паперу і металізаванай фарбай пастараліся перадаць тэхналогію, структуру, якасць слуцкіх паясоў і ігру золата на сонцы», — сказала яна.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, у сваю чаргу, выказаў упэўненасць, што прэзентацыя надасць імпульс і іншым цікавым ідэям, звязаным са слуцкімі паясамі.

Ён таксама нагадаў пра іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якія пройдуць у найбліжэйшыя некалькі дзён. У іх ліку — мастацкая выстава ў Палацы мастацтваў, вечары ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з прэзентацыяй твораў на вершы Багдановіча ў выкананні нацыянальных калектываў, творчы вечар у Нацыянальным мастацкім музеі. Мерапрыемствы, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння паэта, праходзяць і ў іншых краінах — Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі і Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?