Расія зможа практычна без усякай рызыкі паглынуць Беларусь у выніку заняпаду ЗША. Такое меркаванне выказвае на старонках амерыканскага часопіса Foreign Policy палітолаг Збігнеў Бжэзінскі.

«Праз дваццаць гадоў пасля падзення Савецкага Саюза

апошняя дыктатура Еўропы па-ранейшаму палітычна і эканамічна залежыць ад Расіі, — адзначае Бжэзінскі. — Траціна яе экспарту ідзе ў Расію, на якую яна амаль цалкам завязаная ў энергетычным плане».

Разам з тым, працягвае аўтар, сямнаццацігадовая дыктатура Аляксандра Лукашэнкі перашкаджае значным адносінам Беларусі з Захадам.

«Такім чынам,

заняпад Амерыкі, які назіраецца, дасць Расіі магчымасць зноў паглынуць Беларусь практычна без усякай рызыкі», —
робіць выснову палітолаг.

Чаму гэта хвалюе Бжэзінскага? Не толькі праз непакой за Беларусь, але і таму што на коне, на яго думку — «бяспека суседніх балтыйскіх дзяржаў, асабліва Латвіі».

Аб страце Злучанымі Штатамі глабальнай перавагі аўтар піша ў артыкуле, «Восем геапалітычна выміраючых відаў». У выніку страты Амерыкай перавагі слабыя дзяржавы стануць больш схільнымі да ўплыву рэгіянальных лідараў, упэўнены ён.

Эксперт звяртае ўвагу на рост Індыі і Кітая, на імперскія настроі ў Расіі, на няўстойлівасць Блізкага Усходу. Ён заклікае чытача рыхтавацца да «глабальнай рэальнасці, якая характарызуецца выжываннем наймацнейшых».

Яго васьмёрка «геапалітычна выміраючых відаў» выглядае так:

1. Грузія

2. Тайвань

3. Паўднёвая Карэя

4. Беларусь

5. Украіна

6. Афганістан

7. Пакістан

8. Ізраіль і вялікі Блізкі Усход.

* * *

Збігнеў Бжэзінскі — выдатны амерыканскі палітолаг і дзяржаўны дзеяч, памочнік прэзідэнта Джымі Картэра па нацыянальнай бяспецы ў 1977–1981 гадах. Магутны прагназіст. Асабліва добра разумее геапалітыку Еўропы, з якой сам паходзіць. Быў адным з нямногіх заходніх аналітыкаў, хто ў 1996 годзе цвёрда спрагназаваў, што аслабелая Расія не здолее паглынуць нават Беларусь у перспектыве бліжэйшага дзесяцігоддзя. Менавіта гэта надае асаблівую трывожнасць гэтаму новаму яго прагнозу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?