Праўдзівыя навіны страшаць.
І раптам думка апячэ:
«Не разумею, што тут наша —
Што БЕЛАРУСКАЕ яшчэ?..»

І ўжо няма, няма спакою!
І сапсаваны гэты дзень!
Радзіма здадзена без бою!
Мы сёння тут, а заўтра — дзе?

Не ў галаве — пра свой кавалак,
Бо оды пошасці пяём,
Бо тыранічная навала
Змятае роднае — маё!..

Эліта здрадзіла таемна
(Іх карты «з’еў» маскоўскі туз»).
Дык, хіба я жыву дарэмна,
Калі — сапраўдны беларус?!

…Не сузіраю бесстаронне
Зямлі падманутай захоп.
Душу паклікала «Пагоня».
І слова б’е. Дакладна ў лоб…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?