eutrio.by

eutrio.by

Вярхоўны камісар ЕС Кэтрын Эштан мяркуе, што паслы павінны не пазней, як у сямідзённы тэрмін, вярнуцца назад у Беларусь. Пра гэта гаварылася ў Брусэлі падчас нарады па знешняй палітыцы ЕС з удзелам Кэтрын Эштан, паведамляюць нямецкія СМІ са спасылкай на AFP.

Чакаецца, што наступны тыдзень стане тыднем суцэльных пералётаў амбасадараў ЕС. Акрамя вяртання адных еўрапейскіх дыпламатаў у Беларусь, іншым, наадварот, належыць цягам тыдня пакінуць Сірыю, да таго, як у Брусэлі адбудзецца сустрэча кіраўнікоў МЗС Саюза.

Сустрэча міністраў замежных справаў ЕС прызначаная на 22–23 сакавіка, паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, што 27 лютага беларускае МЗС заклікала паслоў Польшчы і ЕС у Мінску пакінуць тэрыторыю Беларусі для кансультацый. Гэта быў адказ беларускага боку на пашырэнне санкцыяй ЕС у дачыненні да рэжыму ў Мінску.

Еўрасаюз адрэагаваў 28 лютага на згаданы крок адкліканнем на кансультацыі ўсіх сваіх паслоў з Беларусі.

23 сакавіка Савет міністраў ЕС можа прыняць новыя санкцыі ў дачыненні да лукашэнкаўцаў.
Гаворка ідзе пра санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама супраць тых, хто «падтрымліваюць ці з’яўляюцца бенефіцыярамі рэжыму Лукашэнкі».

15 сакавіка ў МЗС Беларусі заявілі: пытанне аб вяртанні паслоў беларускія ўлады плануюць разглядаць пасля 23 сакавіка. Каментуючы журналістам інфармацыю аб тым, што ЕС нібыта гатовы прыняць рашэнне аб вяртанні сваіх паслоў у Мінск, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальнік аддзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына сказала:

«У нас няма такой інфармацыі. Аднак, разважаючы разумна, аб якім вяртанні еўрапейскіх паслоў сёння можа ісці гаворка, калі сам Еўрасаюз не стамляецца пагражаць нам увядзеннем новых санкцый 23 сакавіка? Давайце спачатку дачакаемся гэтай даты, а ўжо потым мы будзем вызначацца, у тым ліку і адносна вяртання паслоў»,
 — паведамляе БелаПАН.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0