Cвяткаванне Дня Волі — гэта публічны агульнанацыянальны ўрок гісторыі, плебісцыт беларусаў на вернасць памяці продкаў, найвышэйшая праява сілы беларускага духу і прагі да свабоды.
Любая форма адзначэння гэтага Свята — годная і патрэбная.
Але толькі ў супольным парыве, талакой, беларусы патрапляюць рабіць больш і найлепш, дасягаць амаль немагчымага.
Асабліва важным ёсць шанаванне нашага Свята сёння — у варунках дыктатуры і дзяржаўнага пераследу
Святкаваць Дзень Волі — • гэта віншаваць блізкіх і сяброў;
• гэта аздобіць нацыянальнымі сімваламі дом, машыну, вопратку;
• гэта ўшанаваць памяць герояў Беларусі;
• гэта праявіць салідарнасць з сённяшнімі змагарамі, асабліва з тымі, хто, як Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Павел Севярынец ды іншыя палітвязні, несправядліва кінуты за краты турмаў;
• гэта ладзіць адмысловыя выставы, чытанні і канферэнцыі;
• гэта сабрацца за святочнай бяседай;
• гэта размаўляць на мове продкаў і пісаць дыктоўкі па неўміручых тэкстах;
• гэта збірацца на мітынгі і ісці шэсцямі па вуліцах гарадоў, мястэчак ды вёсак.
Ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі — вельмі актуальныя для нас сёння і будуць такімі надалей. Нам след будаваць сапраўды Беларускую і сапраўды Народную Рэспубліку, нашу краіну, дзе мы гаспадары. БНР — не проста сімвал, а альтэрнатыва РБ. Каштоўнасць незалежнасці — абсалютная для вольнага народу. Наша дзяржаўніцкая традыцыя і намаганні, зробленыя дзеля ейнага аднаўлення і захавання, — унікальныя.
Беларусь жыве і будзе жыць тады, калі яна не толькі жыве, але і дынамічна развіваецца, стварае найлепшыя ўмовы для самарэалізацыі сваіх грамадзянаў, шануе сваю мову, культуру і знаходзіць паразуменне сярод суседзяў.
Беларусы!
Згадайма, як бягуць мурашы па скуры пасля магутнага воклічу «Жыве Беларусь»!
Згадайма, як трымціць сэрца ад гонару за велічна ўзняты
Каму, як не нам, абараняць нашу незалежнасць, свабоду, мову і права на годнае жыццё!
Мінчукі!
Мы маем шанец выйсці ў Дзень Волі на галоўны праспект сталіцы, каб прадэманстраваць нашу пашану да гісторыі і рашучасць дзеля будучыні.
Будзьма ж разам 25 сакавіка, а 13:30 на Акадэміі Навук! Хай наш сцяг лунае над галовамі і натхняе нас на лепшае.
Жыве Беларусь!