У сувязі з унясеннем у спіс невыязных з Беларусіадвакат Марына Кавалеўская 8 чэрвеня падала скаргі на дзеянні Міністэрства ўнутраных спраў і Мінабароны ў Генеральную пракуратуру, МУС і суд Цэнтральнага раёна. Аб гэтым Кавалеўская паведаміла БелаПАН.

Паводле яе слоў, базу даных асоб, якім часова забаронены выезд за мяжу, запаўняе МУС згодна з інфармацыяй арганізацый, якія ўпаўнаважаны такія звесткі даваць. «У маім выпадку гэта Міністэрства абароны, якое атрымлівае звесткі аб ухіленнях ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу з ваенкаматаў. Аднак у ваенкамаце я атрымала даведку, што ваеннаабавязанай не з’яўляюся, а Мінабароны сцвярджае, што ніякіх ініцыятыў па ўнясенні мяне ў базу даных невыязных не праяўляла. У той жа час у базе даных па заканадаўстве павінна быць указана службовая асоба, у адпаведнасці з рашэннем якой чалавеку забаронены выезд за мяжу», — сказала Кавалеўская.

У сувязі з гэтым ад МУС Кавалеўская патрабуе неадкладна выключыць яе з базы часова невыязных з Беларусі. Ад Генпракуратуры Кавалеўская патрабуе прыняць меры пракурорскага рэагавання, выключыць яе звесткі з базы даных невыязных у тэрміновым парадку, устанавіць службовую асобу, якая ўнесла яе ў базу даных невыязных і распачаць у дачыненні да гэтай асобы крымінальную справу па ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

У суд Цэнтральнага раёна Кавалеўская падала скаргу на дзеянні дзяржаўных органаў — Міністэрства абароны і МУС — з патрабаваннем выключыць яе з базы даных асоб, якім абмежаваны выезд з Беларусі.

Нагадаем, 6 чэрвеня адвакат Кавалеўская, якая абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, не змагла выехаць у Літву, куды накіроўвалася з мужам і сынам. На пагранпераходзе «Каменны Лог» ёй забаранілі перасякаць мяжу і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп.

7 чэрвеня ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства Кавалеўскай паведамілі, што выезд ёй забаронены з-за «ўхілення ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу».

Глядзі яшчэ: Калегія адвакатаў: Адвакаты ў Беларусі поўнасцю незалежныя
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?