Аляксандр Лукашэнка 11 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона, які праінфармаваў пра дзейнасць кантрольнага ведамства ў студзені-маі, а таксама аб выніках кантролю за выкананнем шэрагу даручэнняў кіраўніка дзяржавы.

Адной з тэм даклада стала праверка, праведзеная КДК на 17 аб’ектах меліярацыі ў 9 раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Як устаноўлена, пры правядзенні меліярацыйных работ ёсць рэальная магчымасць сэканоміць бюджэтныя сродкі яшчэ на стадыі планавання. Калі прапанаваныя падыходы да эканоміі сродкаў распаўсюдзіць на ўсе аб’екты меліярацыі краіны, то можна сэканоміць Br150 млрд. «Праверкі паказалі, што сродкі, выдзеленыя на гэта важнае для дзяржавы мерапрыемства, расходуюцца вельмі марнатраўна», — падкрэсліў Аляксандр Якабсон.

Лукашэнка таксама заслухаў даклад аб выніках кантролю за ходам рэканструкцыі малочнатаварных ферм у гаспадарках. Да гэтага часу не ўсюды забяспечаны належны тэмп работ,

існуе дэфіцыт уласных сродкаў, неабходных для рэканструкцыі, зацягваецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Аднак у цэлым, на думку кіраўніка КДК, у краіне ёсць усе магчымасці для таго, каб пастаўленая задача была рэалізавана.

У ходзе рабочай сустрэчы абмяркоўвалася і тэма будаўніцтва дарог паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі. У прыватнасці, было ўзнята пытанне патаннення кошту рэканструкцыі аўтадарогі М-5 (Мінск-Гомель). Тут таксама ёсць вялікія рэзервы для эканоміі фінансавых сродкаў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні КДК і ў далейшым забяспечваць належны кантроль па асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?