Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) просіць Генпракуратуру паведаміць, "ці распачата крымінальная справа па факце халатнага выканання службовых абавязкаў ваеннаслужачымі СПА, якія не зафіксавалі факта парушэння дзяржаўнай мяжы Беларусі".

Зварот накіраваны ў сувязі са зняволеннем пад варту журналіста Антона Сурапіна. 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі цацачных мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня над Івянцом і Мінскам са шведскага самалёта, які незаконна перасек дзяржаўную мяжу. Паводле слоў Антона, фотаздымкі яму былі высланыя па электроннай пошце.

У дачыненні да Сурапіна распачата крымінальная справа. Малады журналіст абвінавачваецца ў "дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, учыненаму арганізаванай групай асоб" (ч. 3 арт. 371 КК), яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ.
Афіцыйнае абвінавачанне яму павінна быць прад'яўлена да сярэдзіны дня 23 ліпеня.

Інфармацыя аб тым, ці распачата крымінальная справа па факце халатнага выканання службовых абавязкаў ваеннаслужачымі СПА, неабходна праваабарончай арганізацыі "для правільнай і аб'ектыўнай ацэнкі факта ўтрымання пад вартай" Антона Сурапіна, сказана ў звароце, тэкст якога апублікаваны на сайце БХК (http://belhelcom.org).

Трэба адзначыць, што беларускія ваенныя і памежнікі адмаўлялі факт незаконнага перасячэння мяжы замежным самалётам, пакуль арганізатары акцыі, супрацоўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total, не выклалі ў інтэрнэце відэа, якое пацвярджае яго.

Гісторыя з "плюшавым дэсантам" атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА.

"Усе пытанні, якія задае грамадскасць наконт боегатоўнасці саюзных СПА, абсалютна заканамерныя", — заявіў 15 ліпеня ў Віцебску дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота.

Ён не стаў каментаваць сам факт перасячэння паветранай мяжы Саюзнай дзяржавы замежным самалётам, "пакуль не завершана расследаванне". Але падкрэсліў: "Калі факт перасячэння мяжы пацвердзіцца, будуць зробленыя адпаведныя высновы. У любой справе бываюць памылкі, недапрацоўкі і разгільдзяйства".

Цяпер камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і вайсковых часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

Між тым, 16 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 321 "Аб узнагароджанні медалём "За бездакорную службу" І, ІІ, ІІІ ступені". У ліку ўзнагароджаных — група прадстаўнікоў войскаў СПА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?