Беларусы, якія жывуць у Лондане, сустрэлі Алімпійскі агонь нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.
Адзін з іх быў заўважаны сярод сцягоў, якія сустракалі Алімпійскі агонь у Барнэце, адным з самых «беларускіх» раёнаў Лондана.
Менавіта тут размяшчаецца Беларускі рэлігійны і культурны цэнтр імя Кірылы Тураўскага, які ўключае ў сябе Беларускую бібліятэку і музей імя Францыска Скарыны і капліцу Святых апосталаў Пятра і Паўла.
Да афіцыйнага адкрыцця XXX Алімпійскіх гульняў у Лондане застаюцца лічаныя дні. Алімпійскі агонь, запалены ў Алімпіі, ужо некалькі дзён падарожнічае па сталіцы Англіі.
Па ўсім шляху спартоўцаў з алімппійскай паходняй вітаюць тысячы жыхароў і гасцей аднаго з самых прыгожых гарадоў Старога свету.
Заўтра адзін з сімвалаў Алімпійскіх гульняў будзе падарожнічаць па паўночна-заходняй частцы сталіцы летняй Алімпіяды, што яшчэ на некалькі дзясяткаў кіламетраў наблізіць яго да канчатковай мэты - Алімпійскага стадыёна ў раёне Стратфард на ўсходзе горада.
0
0
0
0
0
0