Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі адкрывае 26-ы канцэртны сезон, паведаміў народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нязменны мастацкі кіраўнік аркестра Міхаіл Фінберг.

Адкрыецца сезон выступленнем калектыву ў Салігорску, прымеркаваным да Дня шахцёра (адзначаецца 26 жніўня). 1 верасня аркестр пабывае на ААТ «Мазырскі НПЗ», а ўжо 7 верасня адбудзецца традыцыйны фестываль камернай і духоўнай музыкі «Тураў-2012».

Як запэўніў Міхаіл Фінберг, цяперашні канцэртны сезон стане для аркестра асабліва насычаным — наперадзе арганізацыя мноства фестываляў, якія з году ў год праходзяць у малых гарадах Беларусі. «Дзякуючы гэтым форумам у культурна-гістарычных цэнтрах краіны мы фактычна расказалі ўсю гісторыю айчыннай музыкі», — адзначыў маэстра. Ён таксама дадаў, што адной з ключавых музычных падзей стане міжнародны фестываль джаза, які будзе праходзіць на працягу некалькіх дзён.

Акрамя таго, аркестр у новым канцэртным сезоне зоймецца падрыхтоўкай Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, які праводзіцца ў Маладзечне з 1993 года. У яго рамках пройдзе конкурс маладых выканаўцаў. «Гэты форум паступова набывае новую канцэпцыю, і на ім будзе шмат нечаканага і цікавага», — запэўніў Міхаіл Фінберг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?