Беларуская дэлегацыя бярэ ўдзел у саміце Руху недалучэння ў Тэгеране (Іран). Узначальвае дэлегацыю новы міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прызначаны на гэтую пасаду 20 жніўня.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС Беларусі, асноўная частка XVI саміту дзяржаў — удзельніц Руху недалучэння пройдзе 30–31 жніўня. Галоўнай мэтай мерапрыемства стане абмеркаванне найбольш актуальных міжнародных праблем і прыняцце выніковага дакумента форуму. «У праект выніковага дакумента сустрэчы плануецца ўключэнне шэрагу прапаноў Беларусі, што грунтуюцца на прыярытэтных задачах беларускай дэлегацыі ў ААН (аб прызнанні разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця, аб стварэнні глабальных партнёрстваў, аб умацаванні ўзаемадзеяння РН з сусветнымі цэнтрамі сілы, аб барацьбе з гандлем людзьмі, аб ініцыятыве пра моладзь, аб краінах з сярэднім узроўнем даходу, аб стварэнні глабальнага механізма перадачы тэхналогій новых і ўзнаўляных крыніц энергіі)», — паведамілі ў МЗС.

Макей выступіць на пленарным пасяджэнні саміту і правядзе сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу дэлегацый «у мэтах абмеркавання актуальных для Беларусі пытанняў двухбаковых адносін».

На папярэднім саміце Руху недалучэння, які праходзіў у ліпені 2009 года ў Егіпце, ад Беларусі таксама ўдзельнічаў міністр замежных спраў — Сяргей Мартынаў.

На цяперашні саміт прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад запрашаў прыехаць Аляксандра Лукашэнку.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўдзельнічаў у працы Гаванскага саміту Руху недалучэння ў верасні 2006 года. Тады ён заклікаў недалучаныя краіны ўзмацніць эканамічны і палітычны складальнікі руху, перабудаваць яго арганізацыйную структуру з улікам прынцыпаў ААН і выпрацаваць выразную праграму дзеянняў па фарміраванні шматпалярнага свету.

***

    Рух недалучэння сфарміраваўся ў другой палове 1950-х — пачатку 1960-х гадоў з ліку краін, якія выйшлі са складу еўрапейскіх каланіяльных імперый, але не жадалі далучацца да ваенна-палітычных саюзаў, на чале якіх стаялі СССР і ЗША. Зараз гэта нефармальнае аб’яднанне дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, удзельнікамі руху з’яўляюцца 118 краін.
    Беларусь стала выказваць цікавасць да гэтай арганізацыі ў другой палове 1990-х гадоў. У той час удзел у руху разглядаўся ў якасці своеасаблівай знешнепалітычнай альтэрнатывы супрацоўніцтву з дзяржавамі Захаду, адносіны з якімі моцна сапсаваліся ў 1996 годзе. У верасні 1997 года Беларусь атрымала статус назіральніка ў Руху недалучэння, а праз год, у верасні 1998-га, на саміце ў Дурбане (ПАР) стала яго паўнапраўным удзельнікам. У 2004 годзе, пасля далучэння Мальты і Кіпра да Еўрасаюза, Беларусь засталася адзіным удзельнікам Руху недалучэння ў Еўропе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?