Больш фотаздымкаў глядзіце ТУТ.

Каля 150 чалавек прыйшлі на канцэрт Лявона Вольскага. Прэзэнтацыя «Саўкі ды Грышкі» мелася адбыцца ў Менску ў новым памяшканьні «Арт Сядзібы», але адбылася ў сядзібе Партыі БНФ. У канцэрце ўзяў удзел саксафаніст і флейтыст Павал Аракелян.

З прэзэнтацыі ўкладальнік дыску «Саўка ды Грышка» Аляксей Знаткевіч: «

Прыблізна 150 чалавек прыйшлі на прэзэнтацыю, дакладней патрапілі ў памяшканьне, таму што шмат людзей у гэтае памяшканьне сядзібы Партыі БНФ патрапіць ня могуць. Яно дастаткова малое. Некаторыя людзі слухаюць канцэрт праз вокны. Гэта паўпадвальнае памяшканьне.
Адчыненыя вокны ў пакой, дзе граюць Лявон Вольскі і Павал Аракелян. Людзі сядзяць ля вокнаў і слухаюць на вуліцы. Лявон Вольскі выканаў шмат песьняў з праекту „Саўка ды Грышка“, 100 песьняў якога выйшлі на дыску ў сэрыі „Бібліятэка Свабоды“ і ўсе прысутныя атрымаюць, ці ўжо атрымалі па такім дыску. Нягледзячы на тое, што канцэрт не атрымалася правесьці ў „Арт-сядзібе“, людзі даведаліся пра зьмену адрасу праз сацыяльныя сеткі, праз сайт Свабоды і прыйшлі, і заля ня здолела ўмясьціць усіх, хто жадае».
За дзень да імпрэзы супрацоўнікі Міністэртва па надзвычайных сытуацыях апячаталі памяшканьне, дзе плянавалася правесьці прэзэнтацыю.

Вось што сказаў Свабодзе дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус: «Учора ўвечары прыйшоў да будынку і ўбачыў апячатаныя дзьверы. Адразу патэлефанаваў уладальніку, які падцвердзіў, што яго выклікалі да будынку і ў ягонай прысутнасьці дзьверы апячаталі супрацоўнікі МНС. Усё вельмі проста: у сераду на generation. by выйшаў цудоўны матэрыял, у якім распавядалася, што „Арт Сядзіба“ ўзнаўляецца ў новым месцы і першаю імпрэзаю ў пятніцу будзе сустрэча зь Лявонам Вольскім. Матэрыял пайшоў па інтэрнэту, яго прачыталі „патрэбныя“ людзі, патэлефанавалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну, там адразу паніка, тыя накіроўваюць праверыць памяшканьне МНС, а ўладальніка ставяць перад фактам, што новыя арандатары гэтага памяшканьня не пажаданыя. Такім чынам мы сёньня скасавалі падпісаную дамову і новая Арт Сядзіба зачыненая, не пасьпеўшы адчыніцца. Вось такая ланцуговая рэакцыя.

Цяпер вынікае, што ў юрыдычнай асобы зьняць памяшканьне пад нашую дзейнасьце нерэальна, адразу патэлефануюць і запалохаюць праблемамі ў бізнэсе. Застаецца шукаць уласьнікаў фізасобаў і замежныя прадпрыемствы, якім нічога не страшна, альбо шукаць спонсараў для набыцьця нейкага будынку ці памяшканьня ва ўласнасць.
Самая непрыемнае, што „Арт Сядзіба“ — гэта зусім не палітычны праект, цалкам культурна-асьветніцкі, але беларуская мова і нашая актыўнасьць выклікаюць „страх“ у кагосьці».

На новым дыску з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» сабраныя 100 песьняў, што гучалі цягам двух гадоў ў эфіры радыё «Свабода» і на сайце. Наведнікі сёньняшняй імпрэзы атрымаюць гэты дыск у падарунак.

25 прэзэнтацыя дыска адбылася ў Магілёве і 26-га ў Горадні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?