У беларускім інтэрнэце запрацаваў новы партал эканамічнай інфармацыі «Бізнэс-навіны». «Гэта незалежная беларуская кампанія, … місія якой забяспечваць бізнэс… максімальна поўнай дакладнай і актуальнай інфармацыяй з Беларусі», — адзначаюць стваральнікі сайта.

«У сваёй дзейнасці рэдакцыя інфармацыйна-аналітычнага агенцтва „Бізнэс-навіны“ палітычна нейтральная. Мы таксама не аказваем ідэалагічную падтрымку каму б ні было», —
дадаюць яны.

Аднак яшчэ год таму кіраўніцтва агенцтва аказвала тую самую «ідэалагічную падтрымку» беларускім уладам. «Бізнэс-навіны створаныя былымі топ-журналістамі «Савецкай Беларусіі». Дырэктарка — Ірына Юзвак, галоўны рэдактар — Віталь Валянюк. Сярод супрацоўнікаў — Ігар Кольчанка.

Кольчанка працаваў у «СБ» ажно з 2002 года. Доўгі час ён быў галоўным палітычным аглядальнікам і нават суправаджаў у паездках Аляксандра Лукашэнку. Да канца 2011 года пад ягоным аўтарствам выйшла больш за 1500 матэрыялаў Накшталт «Народ заўсёды мае рацыю. А як іначай» пасля выбараў 2006 года ці «Выбар зроблены! Ідзём далей» у 2010 годзе.

Ірына Юзвак спецыялізавалася на эканоміцы, але не адмаўлялася прайсціся моцным словам і па лідарах апазіцыі.

Абое яны сышлі з газеты ў канцы 2011 года, калі заробкі ў дзяржаўных газетах апусціліся на дно.

Віталь Валянюк пратрымаўся ў газеце на некалькі месяцаў больш. Апошні час працы ў «СБ» ён таксама суправаджаў Лукашэнку ў паездках. У газеце ж ён друкаваўся з 2005 года, паспеўшы апублікаваць каля 1000 матэрыялаў. На прэс-канферэнцыі ў канцы 2011 года ён спытаў у Лукашэнкі, ці не думае той, што варта выпусціць палітвязняў, як таго просіць Еўрасаюз. Кіраўнік дзяржавы быў відавочна здзіўлены такому пытанню. Лукашэнка перавёў тэму на іншае: «Што вы атрымаеце ад гэтых адносінаў? Я буду ці не буду раз’язжаць па еўрапейскіх дзяржавах. Вы таксама… Дарэчы, вы выязны?» Валянюк аказаўся выязны, і праз некаторы час перайшоў працаваць на tut.by.

Цяпер брыгада прапагандыстаў зноў уз’ядналася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0