У Беларусі прызнаны страціўшым сілу план прыватызацыі аб’ектаў на 2011–2013 гады, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Рашэнне аб гэтым прынята пастановай Савета міністраў № 900 ад 1 кастрычніка 2012 года, паведаміла прэс-служба ўрада.

Гэты дакумент уносіць змяненні ў пастанову Саўміна № 348 ад 21 сакавіка 2011 года, якой былі зацверджаныя два планы: план прыватызацыі аб’ектаў прыватызацыі, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, на 2011–2013 гады, і план пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы на 2011–2013 гады. Цяпер план прыватызацыі аб’ектаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, зацверджаны пастановай № 348, прызнаны страціўшым сілу.

Нагадаем, што з ініцыятывай адмовы ад раней зацверджанага трохгадовага плана прыватызацыі летам гэтага года выступіў Аляксандр Лукашэнка пасля таго, як урад Беларусі падрыхтаваў пералік ААТ з пераважнай доляй дзяржавы, якія планаваліся да продажу.

Што да плана пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы на 2011–2013 гады, то ён працягвае дзейнічаць. Пастановай № 900 ён выкладзены ў новай рэдакцыі. У пераліку знаходзіцца 128 прадпрыемстваў, пераўтвораныя ў ААТ у 2011-м і 2012 годзе, а таксама тыя, якія яшчэ неабходна акцыянаваць. Сярод буйных РУП, якія стаяць у плане на акцыянаванне, — «Гомсельмаш», «Мінскі трактарны завод», «Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова». Гэтыя прадпрыемствы плануецца пераўтварыць у ААТ ў 2013 годзе.

Такім чынам, у Беларусі ўжо няма плана прыватызацыі і пераліку прадаваемых прадпрыемстваў, можна прыватызаваць любое прадпрыемства, калі ёсць інвестар, вызначана цана аб’екта. Рыхтуюцца праекты распараджэнняў прэзідэнта па продажы акцый некаторых прадпрыемстваў на аўкцыёнах і конкурсах. Да канца гэтага года некаторыя аб’екты плануецца выставіць на продаж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?