Два невядомыя ў цывільным 18 кастрычніка ў 6.20 раніцы спрабавалі трапіць у кватэру, дзе жывуць маці і айчым забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Як паведаміў айчым Чаркасавай Уладзімір Мялешка, невядомыя спачатку настойліва званілі, а потым стукалі і цягнулі ручку дзвярэй кватэры. Так працягвалася каля гадзіны.

«Адчыняць дзверы або размаўляць з візіцёрамі сваякі Веранікі не адважыліся. Але яны мяркуюць, што гэта звязана з набліжэннем гадавіны забойства», — гаворыцца ў паведамленні.

«Калі б такіх выпадкаў не было раней, можна было б гаварыць аб нейкім збегу абставінаў. Але мы добра знаёмыя з візітамі міліцыі і пасля 23 гадзін, і на досвітку… Мы двое старых, хворых людзей. Я не разумею, які сэнс на нас ціснуць і запужваць?» — сказала маці журналісткі Дзіяна Чаркасава. Апошні візіт супрацоўнікаў міліцыі адбыўся у кастрычніку 2008 года, таксама напярэдадні гадавіны забойства. Тады ў кватэры з санкцыі пракурора Першамайскага раёна быў праведзены вобыск. Супрацоўнікі РУУС шукалі «зброю, наркотыкі, выкрадзеныя рэчы», але ў выніку нічога не забралі.

17 кастрычніка БАЖ звярнулася па інфармацыю па справе Чаркасавай у Следчы камітэт, у кампетэнцыю якога з пачатку 2012 года перайшлі такія справы. У аддзеле па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі ўпраўлення СК па горадзе Мінску паведамілі, што адрэагуюць толькі на пісьмовы запыт. Арганізацыя такі запыт накіравала.

Журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава была забіта 20 кастрычніка 2004 года ў сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын Антон Філімонаў і айчым Уладзімір Мялешка. Некаторы час яны знаходзіліся ў статусе падазроных. Крымінальная справа дагэтуль не раскрыта.

БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?