— падкрэслівае доктар Герд Хармс, кансультант праўлення фірмы Enertrag, якая ўжо інвеставала ў гэты праект 300 тысяч еўра.

Нямецкая кампанія Enertrag за кошт уласных сродкаў збіралася пабудаваць у Дзяржынскім раёне прамысловы ветрапарк магутнасцю да 160 МВт. Кошт праекта складаў каля 360 млн еўра, паведамляе партал «Заўтра тваёй краіны».

— Вымушаны канстатаваць, што гэты вопыт, на жаль, расчараваў нас, — прызнаецца Герд Хармс.

Інвестыцыйную дамову аб будаўніцтве ветрапарку Мінскі аблвыканкам і нямецкая кампанія Enertrag падпісалі ў ліпені 2010 года. Чакалася, што праект будзе рэалізаваны ў 2012 годзе.

— Мы стварылі бюро ў Мінску, якое вырабляла рознага кшталту замеры. Прыцягнулі Акадэмію навук, якая мусіла даць заключэнне па навакольным асяроддзі. Правялі ўсе планіровачныя работы. Вывучылі нават паводзіны кажаноў, — пералічвае Герд Хармс. — Ні многа ні мала — 300 тысяч еўра мы ўжо інвеставалі ў гэты праект!

Рэалізацыя праекта прыпынілася, калі справа дайшла да ўзгаднення ў Мінабароны, дзе заявілі, што «ветракі» вышынёй каля 200 метраў могуць парушыць працу радараў, якія размяшчаюцца недалёка ад Дзяржынска, а гэта зніжае эфектыўнасць працы сістэм СПА і можа негатыўна адбіцца на абараназдольнасці краіны.

Мы самі заўважылі вайсковую радарную ўстаноўку і звярнулі ўвагу беларускага боку, што могуць узнікнуць праблемы, бо ветракі і радары не вельмі «сябруюць» адзін з адным,
— кансультанта праўлення Enertrag здзіўляе, што беларускія партнёры выпусцілі з-пад увагі ці не ведалі, што непадалёк знаходзіцца значны вайсковы аб’ект, бо радарная ўстаноўка існавала і на момант заключэння інвестыцыйнай дамовы.

Год вяліся далейшыя перамовы. У канцы жніўня 2012 начальнік аддзела энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама Сяргей Сямашка паведаміў журналістам: «У цяперашні час пытанне ў стадыі разгляду. Мы прапануем кампаніі розныя варыянты для таго, каб наша інвестыцыйная дамова рэалізавалася на тэрыторыі Мінскай вобласці ў Лагойскім або Барысаўскім раёне».

Аднак у Enertrag лічаць, што беларускі бок не збіраецца працягваць рэалізацыю праекта.

— Нам не прапанавалі кампенсацыі за ўсе нашы выдаткі. І прапанавалі за наш кошт зноў распрацаваць праект па будаўніцтве ветрапарку ў іншым месцы.
Адказ з нашага боку быў адназначны — мы інвеставалі 300 тысяч еўра і нямала часу і зусім не збіраемся яшчэ раз інвеставаць столькі ж для будаўніцтва новых ветракоў, — кажа Герд Хармс. — Такім чынам, у аднабаковым парадку гэтая дамова не была напоўненая жыццём. Такое ў нас упершыню здарылася пры рэалізацыі праекта з дзяржарганізацыяй.

Спецыяліст адзначае, што супрацоўніцтва з Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці, Мінаблвыканкамам на чале з губернатарам, а таксама з Акадэміяй навук было вельмі паспяховым. «Глеба сышла з-пад ног», калі зайшла гаворка пра існаванне радарнай устаноўкі.

— Калі зыходзіць з логікі, то гэта ж не мы пабудавалі гэтую ўстаноўку. Пра яе існаванне павінен быў сказаць партнёр, які вёў з намі перамовы і заключыў кантракт. Беларускі бок павіннен быў бы пакрыць грашовую шкоду або ў іншым выглядзе правесці кампенсацыю, — перакананы Герд Хармс. — Мы чакалі ад Беларусі больш карэктных паводзін. І для сябе адназначна вырашылі не працягваць больш справаў з Беларуссю і яе ўрадам.

Змяніць гэтае рашэнне магла б толькі кампенсацыя выдаткаў з беларускага боку.

Паводле словаў кансультанта праўлення Enertrag, кампанія магла б распачаць цяжбу з Беларуссю ў міжнародных судовых інстанцыях, але вырашыла не рабіць гэтага, вырашыўшы, што судовыя выдаткі паглынуць яшчэ 300–400 тысяч еўра.

Комплекс ля пасёлка Волма мог вырабляць каля 170 млн кВт/г электраэнергіі — гэта прыкладна гадавое забяспнчанне двух такіх раёнаў, як Дзяржынскі.
Як адзначаў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, з рэалізацыяй праекта доля ветраўстановак у агульным аб’ёме энергаспажывання ў сталічным рэгіёне склала б 3%.

Праект павінен быў дазволіць Мінскай вобласці значна павялічыць долю мясцовых відаў паліва ў паліўна-энергетычным балансе. Сёння гэтая лічба складае 17%, а трэба ў найбліжэйшы час давесці спажыванне МВП як мінімум да 25%.

— Калі шчыра, то шкада, што праект не будзе рэалізаваны, — прызнаецца і Герд Хармс. — У нас была дасягнутая дамоўленасць з адным з беларускіх універсітэтаў адносна падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. Збіраліся падрыхтаваць спецыялістаў па сэрвісным абслугоўванні парку, наладзіць абмен спецыялістамі. З’явіліся б і іншыя станоўчыя эфекты. Але мы спазніліся на два гады і апынуліся ў палітычным «ледавіковым перыядзе».

Даведка

Парк ветравой энергіі «Enertrag» вырабляе электраэнергію выключна з аднаўляльных крыніц і адносіцца да найбуйнейшых вытворцаў электраэнергіі, атрыманай за кошт сілы ветру. Ён мае больш чым 500 ветраных установак і вырабляе штогод 1,9 млрд кілават-гадзін электраэнергіі. Гэтага дастаткова для бытавых патрэб больш чым 1,3 млн чалавек.

Enertrag — адно з нямногіх прадпрыемстваў у свеце, якое абслугоўвае ўсе звёны ў вытворчым ланцугу атрымання энергіі за кошт ветру.

У Беларусі цяпер налічваецца 20 ветраэнергетычных установак, 14 з іх — дзейныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?