Падрыхтаваны маладым журналістам Беларускага тэлебачання Аляксандрам Вярбіцкім сюжэт для праграмы Першага нацыянальнага канала «Зона Х», выпушчаны ў эфір 23 кастрычніка, паводле задумы аўтара, відаць, не мусіў пакідаць сумневу:

супрацоўнікам Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ўдалося прадухіліць буйную ідэалагічную дыверсію,
якая наўпрост пагражала дзяржаўнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
І сапраўды: у глухой вёсцы ў Лагойскім раёне захоплена больш за 5,5 тысяч асобнікаў «дурно пахнущей литературы»
, прыхаванай там галоўным рэдактарам часопіса «ARCHE ПачЯтак» Валерам Булгакавым. Паводле словаў журналіста, «в каждой из этих книг, заключили эксперты, сомнительная трактовка истории Беларуси в годы фашистcкой оккупации».
Уважлівы асабісты прагляд сюжэту даў мне магчымасць скласці прыблізны спіс кніг, якія мільгалі ў кадрах падчас агучвання А. Вярбіцкім «кампрамату».
Падаю гэты спіс чытачам для самастойных высноваў, наколькі «страшылка» ўзыходзячай зоркі беларускай тэлежурналістыкі суадносіцца з рэальнымі фактамі:

1. Бартушка, Марк. Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941—1944 гг.

2. Гімжаўскас, Эдмундас. Беларускі фактар пры фармаваньні літоўскай дязржавы ў 1915—1923 гг.

3. Касажэцкі, Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве.

4. Катлярчук, Андрэй. У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.

5. Купіш, Дарыюш. Полацак 1579.

6. Латышонак, Алег. Беласток-Полацак.

7. Латышонак, Алег. Жаўнеры БНР.

8. Латышонак, Алег; Мірановіч, Яўген. Гісторыя Беларусі з сярэдзіны XVIII да пачатку ХХІ ст.

9. Ліс-Блонскі, Станіслаў. Балахоўцы.

10. Луцкевіч, Антон. Барацьба за вызваленьне.

11. Луцкевіч, Антон. Да гісторыі беларускага руху.

12. Ляхоўскі, Уладзімір. Ад гоманаўцаў да гайсакоў: Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.).

13. Ляхоўскі, Уладзімір. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915—1918 гг.).

14. Мірановіч, Яўген. Беларусы ў Польшчы (1918—1949 гг.).

15. Некрашэвіч, Сцяпан; Байкоў, Мікола. Расійска-беларускі слоўнік.

16. Плахій, Сяргей. Рускі Вавілон.

17. Станкевіч, Ян. Крыўя-Беларусь у мінуласьці.

18. Станкевіч, Ян. Язык і языкаведа.

19. Туронак, Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі.

20. Ючас, Мечысловас. Грунвальдская бітва.

21. Янковяк, Міраслаў. Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі: Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне.

22. ARCHE. № 5 за 2008 год.

23. Кніга магістрата места Полацка 1727 г.

24. Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі.

25. Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года.

26. Хрышчэнне нацыі: Масавыя акцыі 1988–2009.

Фактычна дастаткова аднаго ўмення чытаць па-беларуску, каб зразумець, што з усяго гэтага спісу, які складаецца з 26 пазіцый, цалкам датычаць Другой сусветнай вайны толькі дзве: № 5 «ARCHE» за 2008 год (22-я пазіцыя ў спісе) і даследаванне Марка Бартушкі (1-я пазіцыя), часткова дадзеная тэматыка закранаецца таксама ў кнізе Юрыя Туронка (19-я пазіцыя) і сумесным падручніку Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча (8-я пазіцыя). Усё астатняе — даследаванні, якія ні тэматычна, ні храналагічна з Другой сусветнай вайной нічога супольнага не маюць.

У сувязі з гэтым немалую цікавасць уяўляе пытанне:

хто ж такія гэтыя таямнічыя «эксперты», на аўтарытэт якіх спасылаецца А. Вярбіцкі?
А таксама: хто тыя «спецыялісты», паводле словаў якіх змешчаныя ў «ваенным» нумары за 2008 год «карикатуры… далеки от реальности»? Можа, даведаемся адказы на гэтыя пытанні з праанансаванага працягу «серыяла» ў пятніцу? У любым выпадку ад чарговага выпуску праграмы варта, відаць, чакаць новых «сенсацый».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?