29 чэрвеня адразу ў дзьвюх кропках Менску адбудзецца ўшанаваньне расстраляных 29 кастрычніка 1937 году бязьвінных беларусаў. У 15:00 акцыя адбудзецца каля памятнага крыжа ў Парку Чалюскінцаў, а ў 17:00 — у Курапатах.
«Мы прасілі ўлады зрабіць 29 кастрычніка Днём памяці знішчаных сталінскім рэжымам, — кажа Ўладзімер Раманоўскі, старшыня Аргкамітэту ўшанаваньня ахвяраў сталінізму. — У гэты дзень у 1937 годзе было расстраляна 69 прадстаўнікоў інтэлігенцыі — акадэмікі, навукоўцы, журналісты. Зараз нават невядома, дзе пахаваныя іх целы».
Пакуль улады не зьбіраюцца ісьці насустрач Аргкамітэту.
«Кожны месяц 29 чысла мы ўшаноўваем памятныя месцы ў Парку Чалюскінцаў, у Курапатах і ў Лошыцы, — кажа Ўладзімер Раманоўскі. — Спадзяюся, што калі‑небудзь гэтая дата стане знакаваю для ўсіх».
Партыя БНФ таксама далучылася да правядзеньня жалобных мерапрыемстваў.
«Для Фронту ёсьць абсалютна важным ушанаваньне ахвяраў сталінскіх і ўсіх іншых рэпрэсіяў 20‑га стагодзьдзя, — кажа кіраўнік культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка. — Без памяці ня будзе будучыні. Узгадваючы ахвяраў у Курапатах, у Ігумене, у Лошыцы і ў сотнях іншых невядомых месцах, мы папярэджваем падобны генацыд у будучыні».