Чыж: Пакуль я сядзеў, сям’я скарысталася сітуацыяй і завалодала бізнэсам

«Ёсць праблемы па валоданні бізнэсам — сям'я скарысталася сітуацыяй, прыйшла да кіравання асноўнай часткі кампаній і сёння катэгарычна не бачыць майго ўдзелу ў справах, — падзяліўся з «Народнай Воляй» некаторымі падрабязнасцямі свайго жыцця Юрый Чыж.

12.05.2023 / 12:59

Юрый Чыж. Фота: Народная Воля

— У вашым валоданні нешта засталося?

— Крамы «Прастор», шэраг сацыяльных праектаў — хакейны клуб «Собаль», лядовая арэна ў Бярозе і этнічны цэнтр «Собалі», які буду дабудоўваць і развіваць.

— Як вашыя дзеці развіваюць бізнэс?

— У маёй былой сям'і не стаіць задача развіваць бізнэс, усё ідзе да таго, каб распрадаць актывы… Так, некалькі кампаній рыхтуюць да банкруцтва, а фармацэўтычны бізнэс прадаюць. Акрамя таго, распрадаюць і іншыя актывы, у тым ліку і сацыяльнага прызначэння.

У парушэнне палажэнняў дэкрэта Лукашэнкі прызначылі дырэктарам СТАА «ТрайпФарм» менеджара, якога звольніў з гэтай пасады па дыскрэдытуючых абставінах, з чым у свой час пагадзіўся і суд. Я напісаў скаргу ў Адміністрацыю Лукашэнкі, але больш за два месяцы нічога не адбываецца. Атрымліваецца, што дэкрэты можна парушаць? Хачу звярнуць увагу, што гаворка ідзе аб такой сферы бізнэсу, якая звязана з жыццём чалавека.

— Вы аформілі свой бізнэс на дзяцей тады, калі ўпершыню трапілі пад санкцыі Еўрасаюза?

— Так, аформіў, але фактычным уласнікам заўсёды заставаўся я.

Зараз разам з адвакатамі рыхтую шэраг пазоваў у суд, аднак праваахоўныя органы па маіх заявах зацягваюць праверкі, і ў мяне няма магчымасці знаёміцца з матэрыяламі праверак. Але я цярплівы, пачакаю…

— Вы са Святланай Барысаўнай афіцыйна развяліся?

— Так, з пятага разу. На мой погляд, прадстаўнікі жонкі зацягвалі працэс — то няяўкамі ў суд, то непрадстаўленнем дакументаў.

— Дзе цяпер жывяце?

— Як і раней —у Лагожаску.

— Вы сышлі з сям'і адразу пасля выхаду з СІЗА?

— Так. Зразумеў, што ў гэтым доме мяне зусім не чакалі. Таму вырашыў нікому не замінаць.

— Потым размаўлялі?

— Было пару спробаў медыяцыі, але не атрымалася.

— Перамір'е магчыма? Кажуць жа: моцныя людзі могуць дараваць…

— Я не трымаю зла…

— Да вашай апошняй пасадкі ў вас з жонкай былі нармальныя адносіны?

— Мы ўжо не жылі разам.

Побач з вамі сёння ёсць іншая жанчына?

— Няма. Адна. Месца вакантнае.

— Атрымліваецца, сёння вы вымушаныя фактычна ўсё чарговым разам пачынаць з нуля. Вас гэта не палохае?

— Я не збіраюся пачынаць з нуля. Я вярну ўсё, што мне належыць.

Як і абяцаў, зраблю ўсё магчымае, каб захаваць працоўныя месцы, захаваць і развіваць мае сацыяльныя праекты, Захаваць усе прадпрыемствы і асабліва — такое стратэгічна важнае для нашай краіны, як фармацэўтычны завод у горадзе Лагойску.

Чытайце таксама:

Юрыю Чыжу далі тры з паловай гады пазбаўлення волі. Але не пасадзілі

Зноў спрабуюць прадаць будынак «Трайпла» на Ракаўскай у Мінску

Nashaniva.com