Страты Расіі ў вайне супраць Украіны перавалілі за 200 тысяч забітымі — Генштаб УСУ

Па падліках Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны, Расійская Федэрацыя ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны страціла ўжо больш за 200 тысяч сваіх грамадзян, якіх адправіла на фронт. Такія звесткі Генштаба УСУ паводле стану на раніцу 17 мая.

17.05.2023 / 08:53

Фота: Генштаб УСУ

За апошнія суткі абаронцы Украіны знішчылі каля 610 расійскіх захопнікаў, 2 сродкі супрацьпаветранай абароны, 9 танкаў, 16 артылерыйскіх сістэм і 17 баявых браніраваных машын.

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 да 17.05.23 арыентыровачна склалі:

Даныя ўдакладняюцца, зазначае Генштаб.

На пачатку мая Бі-бі-сі і «Медыязона» на аснове адкрытых крыніц устанавілі імёны 21700 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне. Журналісты зазначалі, што спіс можа ўтрымліваць прынамсі ў два разы менш імёнаў загінулых, чым насамрэч пахавана ў Расіі. Да такой высновы журналісты прыйшлі, вывучаючы абстаноўку на могілках у больш чым 65 расійскіх населеных пунктах на працягу апошніх 14 месяцаў.

Такім чынам, паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі, падчас уварвання ва Украіну Расія на пачатак мая 2023 года магла страціць 43 400 чалавек загінулымі.

Агульныя беззваротныя страты Расіі (гэта значыць, колькасць тых, хто выбыў са строю з прычыны ранення або смерці ці прапаў без вестак) могуць складаць прынамсі 195 000 чалавек.

ЗША сцвярджалі, што са снежня 2022 года ва Украіне загінула 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў, прычым большасць у Бахмуце.

Сама Расія апошні раз называла лічбы 22 верасня. Тады міністр абароны Сяргей Шайгу казаў, што ва Украіне загінула 5937 расійскіх салдат і афіцэраў.

Nashaniva.com