«Мы гаспадарчыя». Лукашэнка супакойваў расіян, што з расійскай ядзернай зброяй ў Беларусі нічога не здарыцца

Такія абяцанні прагучалі праз некалькі месяцаў пасля дыверсіі ў Мачулішчах, калі быў пашкоджаны каштоўны расійскі самалёт А-50.

25.05.2023 / 17:58

Лукашэнка ў Маскве. Фота: «Пул першага»

Сёння ў Мінску міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія тычацца размяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Шайгу паставіў кропку ў пытанні — ядзернай зброяй будзе кіраваць толькі Расія. 

Пазней Лукашэнка супакоіў расійскіх журналістаў наконт размяшчэння ядзернай зброі.

«Вы ведаеце, што мы людзі пунктуальныя, акуратныя, гаспадарчыя, як вы кажаце, таму вы за ядзерную зброю не хвалюйцеся, мы ж нясем за гэта адказнасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка расійскім журналістам у Маскве, дзе праходзіў саміт ЕАЭС.

Нагадаем, 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах быў пашкоджаны вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50. Усяго такіх самалётаў у Расіі, сапраўдных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне. Пасля самалёт змаглі падняць у паветра, але да сваіх задач, як выглядае, ён аказаўся няздольным і быў адпраўлены на рамонт у расійскі Таганрог.

Сёння ФСБ таксама расказала пар дыверсантаў, якія прыбылі ў Расію праз Беларусь і спрабавалі падарваць лініі электраперадач Ленінградскай і Калінінскай атамных электрастанцый. Як сцвярджала ФСБ, дыверсійная група заехала з Украіны транзітам праз Польшчу і Беларусь.

Чытайце таксама:

Кіраўнікі Мінабароны РФ і Беларусі падпісалі дакументы наконт нестратэгічнай ядзернай зброі РФ на тэрыторыі Беларусі. Кнопка будзе толькі ў Расіі

«Учора да нас прыбыў». На заводзе ў Таганрогу пацвердзілі журналістам: самалёт А-50 з Мачулішчаў у іх

Nashaniva.com