Грэка-каталіцкаму святару Аляксандру Шаўцову дадалі 30 сутак арышту

Будслаўскія ўрачыстасці ён правядзе за кратамі.

02.06.2023 / 14:51

Аляксандр Шаўцоў

Сёння суд у Полацку асудзіў протапрэзбітара паводле новых артыкулаў КоАП. Да папярэдняга прысуду дадалі 30 сутак і такім чынам святар правядзе за кратамі 45 дзён. Гэта азначае, што Шаўцоў будзе вызвалены 8-га ліпеня, праз тыдзень пасля Будслаўскага фэсту, піша «Хрысціянская візія».

Былы нунцый Апостальскай Сталіцы ў Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроцці, прыбудзе на сёлетнія ўрачыстасці ў Будслаў у якасці папскага легата (адмысловага пасланніка). Такім чынам падчас яго візіту, грэка-каталіцкі святар будзе знаходзіцца ў турме.

Тыдзень таму пачаўся віток рэпрэсій супраць беларускіх святароў. Сярод затрыманых уніяцкі святар Алесь Шаўцоў, ксёндз Андрэй Кулік з Мёраў і ксёндз Вячаслаў Адамовіч з Мёрскага раёна, а таксама семінарыст Уладзіслаў Беладзед.

Nashaniva.com