Цэлы тыдзень мяне даставалi сябры i знаёмцы адным i тым жа пытаньнем: «Цi чытаў ты ў «Нашай Нiве» пра Пацюпу?» («НН», №38).

Прыходзiлася тлумачыць, што не заўсёды знаходзіцца час на такую сьвятую i амаль рытуальную справу, як прачытаньне (праглынаньне) адзiнай цалкам беларускамоўнай газэты. Праўда, чытаць артыкул не хацелася зь іншай прычыны: таварыш Аляксандар Фядута (канечне, ён спадар, як і ўсе журналісты «НН») у ролi беларускага лiтаратуразнаўца не выклiкаў пачуцьця цiкавасьцi. Нiчога новага, акрамя параўнаньня Юрася са збачэнцам, аўтар артыкулу не прыдумаў. Ну пахвалiў, але ж i безь Фядутавага панiбрацкага паляпваньня па плячы Пацюпа ведае сваю цану, як ведае яе кожны пашаноўнiк сучаснай беларускай паэзii.

Затое мяне зьдзiвiла іншае: «усяго толькi чытач» пнецца даваць камэнтар рэчам, у якiх зялёнага паняцьця ня мае. I робiць ён гэта з такой самаўпэўненасьцю, што ў першую сэкунду нямееш ад прачытанага: «Як бы нi запэўнiвалi фiлёлягi, што беларуская лiтаратура прайшла ўсе тыя ж стадыi разьвiцьця, што i iншыя эўрапейскiя лiтаратуры, вiдавочна — паэзiя на беларускай мове пачала паўнаварта разьвiвацца толькi пры канцы рамантызму». Сёньня для чалавека, якi хоць крыху знаёмы з гiсторыяй беларускай лiтаратуры, такая заява гучыць абсурдна. Гэтаксама гучала б сьцьверджаньне, напрыклад, такога роду: «Як бы нi запэўнiвалi вучоныя, што плянэта круглая, відавочна — Зямля ўяўляе сабой пляскатую паверхню, прычым трымаецца яна на трох сланах i вялiзнай чарапаcе».

Калi таварыш-спадар Фядута нiчога ня ведае цi ня хоча ведаць пра беларускае барока, гэта ня значыць, што яго не было. Яно было i мела сваiх прадстаўнiкоў — ня горшых за Джамбатыста Марына або Люiса дэ Гонгара-i-Арготэ. Згадаю таго ж Дамiнiка Руднiцкага ці Сiмяона Полацкага, якiя распрацоўвалi чыста барочныя формы, паэзiя якiх характарызуецца ўскладненай мэтафарычнасьцю, багатай сымболiкай, шырокiм выкарыстаньнем мудрагелiстых алегорый.

Таму, як бы нi запэўнiваў Фядута, што «першая хваля паэтычнага экспэрымэнтатарства» не дакацiлася да нас, што ў тыя часы «з натуральна-гiстарычных прычын» не было беларускай лiтаратурнай мовы, вiдавочна, што гэта ня так. Была беларуская лiтаратура, была i беларуская лiтаратурная мова. Калi ж кiравацца Фядутавай лёгiкай, можна прыйсьцi да высновы, што барока абмiнула i iншыя мовы, напрыклад польскую i расейскую — iх сучасны варыянт таксама адрозь-нiваецца ад варыянту, што меўся стагодзьдзi назад.

Не абмiнула нас i «другая хваля — эпохi дэкадансу», як сьцьвярджае прафэсар. Зрэшты, чаму другая? Неяк спрытна перакацiўся Аляксандар Фядута з эпохi барока адразу ў дэкаданс, роўна як той пэрсанаж расейскай народнай казкi, што ад усiх уцёк. Ну ды бог зь iмi, нябачнымi для Фядуты хвалямi… «У расейскай лiтаратуры былi Блок i Севяранiн, у францускай — Малярмэ, а ў нас — Гарун i Цётка…» — нiбыта скардзiцца наш кампаратывiст. А пры чым тут Цётка, калi гаворка iдзе пра Блока i Севяранiна? Чаму не прыгадаць М.Багдановiча, В.Ластоўскага цi якога кольвек iншага беларускага аўтара, чые творы поўняцца сымбалiсцкай эстэтыкай? Зьдзеклiва выглядае таксама iронiя Фядуты, калi ён адводзiць месца паэтцы «недзе памiж Iванам Сурыкавым i Iванам Нiкiцiным». Менавiта ў такiм духу любяць iранiзаваць супрацiўнiкi ўсяго беларускага. Прыкладна так некалi iранiзаваў i сумнавядомы рэжысэр Азаронак. Калi на тое пайшло, то ў кампанiю да згаданых расейскiх паэтаў лепш далучыць ня Цётку, а Стэфана Малярмэ — ён хоць быў аднагодкам Iвана Сурыкава. А калi А.Фядута ня можа «падабраць францускiх аналягаў» Цёткi, то гэта не «праз адсутнасьць апошнiх», а праз адсутнасьць элемэнтарных ведаў па гiсторыi эўрапейскай лiтаратуры. Няхай тады папросiць будучага ляўрэата Нобэлеўскай прэмii, каб той прачытаў яму патрэбную лекцыю з курсу «Француская лiтаратура».

I апошняе. Пан дасьледчык убачыў у Юрасю Пацюпу садыста, якi «хвошча чытача сваiмi радкамi i назiрае за рэакцыяй». Дзiўная мэтафара. Аднак калi ўзяць пад увагу, што аўтар рэцэнзii разьбiраецца ў лiтаратуры як Нiф-Нiф у цытрынах, то чытаньне вершаў Пацюпы для яго падасца сапраўднай пакутай. Але ж калi Аляксандар Фядута любiць займацца вэрбальным мазахiзмам, то i мой водгук на ягоны артыкул, спадзяюся, стане прыемным падарункам. Атрымлiвайце асалоду, пане мазахiсьце!

Ад Рэдакцыі. Асобныя ўвагі сп.Брусэвіча вартыя дыскусіі. Зь ягонымі катэгарычнымі вывадамі не згаджаемся. З увагі да беларускай паэзіі, узьнятай артыкуламі А.Фядуты, цешымся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0