9 лістапада ў Менску ў будынку па вуліцы Багдановіча, 25 адчынілася кнігарня «Духоўная кніга».

У кнігарні багата літаратуры па-беларуску: творы Яна Паўла ІІ, рэлігійныя дапаможнікі, «Дзіцячая Біблія», гісторыі сьвятых, часопісы «Наша вера» і «Ave Maria». Кніга Ўладзімера Конана «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэньне ў Беларусі» суседнічае з «Гадарай» Ірыны Жарнасек, вершамі Н.Гілевіча і Д.Бічэль-Загнетавай, а зборнічак Янкі Брыля «Блакітны зьніч» пазначаны аўтарскім аўтографам з зычэньнем усяго найлепшага.

Амаль цэлая паліца застаўлена кнігамі Аляксандра Меня, ёсьць збор твораў Уладзімера Салаўёва й дасьледаваньні Сяргея Аверынцава. Нават дыялёгу паміж ісламам і хрысьціянствам прысьвечаны дзьве кнігі; ёсьць працы пра дыялёг навукі й рэлігіі. У будучыні плянуецца продаж відэафільмаў.

Кніжня заснавана Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, а блаславіў адкрыцьцё кардынал Казімер Сьвёнтак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру