Беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкой» пераносіць шэраг канцэртаў, гэта звязана з нараджэннем сына ў лідара групы Сяргея Міхалка і Святланы Зелянкоўскай, гаворыцца на сайце гурту.
Аднак падкрэсліваецца, што выступ у Вільні, на «Сімэнс-Арэне» 30 лістапада адбудзецца.
«Сябры, у нас зноў пераносяцца канцэрты. Гэтым разам прычына простая: у Сяргея Міхалка, як вы ведаеце, нарадзіўся сын. І цяпер ён павінен быць дома, з сям'ёй -- спадзяемся, больш нічога тлумачыць не трэба. Таму канцэрты ў Чарапаўцы, Уладзіміры і Іванава перанесены на 5 снежня, 9 лютага і 11 лютага адпаведна.
Усе квіткі сапраўдныя, дзякуй за разуменне і да сустрэчы 30 лістапада ў Вільні!», — гаворыцца на сайце.
Нагадаем, што ў пачатку лістапада шэраг канцэртаў у Расіі быў адменены з-за таго, што Сяргей Міхалок сарваў голас.
30 лістапада ў Вільні «Ляпісы» прэзентуюць беларускамоўны альбом «Грай», усе квіткі і на канцэрт і на цягнікі да Вільні на 29 і 30 лістапада раскупленыя.





