Беларусь плануе ўрэгуляваць рознагалоссі, звязаныя з увядзеннем Украінай спецпошлін на шэраг беларускіх тавараў. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка наконт рашэння міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Украіны.

«Разлічваем, што час, які маюць бакі да ўваходжання ў сілу рашэння Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Украіны, будзе выкарыстаны для ўрэгулявання рознагалоссяў, што маюцца ў бакоў, у рэжыме непасрэднага дыялогу. У хуткім часе ў Мінску чакаюцца адпаведныя кансультацыі з украінскімі экспертамі», — зазначыў Мірончык. 

Украіна ўвяла загараджальныя пошліны на малочную прадукцыю, кандытарскія вырабы, піва, электралямпы напальвання, угнаенні, шыны, халадзільнікі. Згодна з рашэннем міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Украіны, пошліны ўводзяцца праз 10 дзён пасля сённяшняга апублікавання. Так, на электрычныя лямпы напальвання, мінеральныя ці хімічныя ўгнаенні з утрыманнем азоту, фосфару і калію, што імпартуюцца з Беларусі, уводзіцца пошліна ў 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі. Для беларускіх аўтамабільных, аўтобусных пакрышак, а таксама шын для выкарыстання на сельскагаспадарчых або лесагаспадарчых транспартных сродках Украіна ўводзіць пошліны ў 60,05% ад мытнага кошту. Апрача таго, на пералік халадзільнікаў і халадзільнага абсталявання беларускай вытворчасці ўводзяцца спецпошліны ад 55,29% да 60,05% у залежнасці ад аб'ёму халадзільных камер. 

На малако, вяршкі, ёгурты, кефіры, масла, а таксама на кандытарскія вырабы з цукру, шакалад і мучныя прысмакі, што імпартуюцца з Беларусі, уводзіцца пошліна ў 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі. Для беларускага соладавага піва Украіна ўводзіць пошліны ў 60,05% ад мытнага кошту. Спецыяльныя пошліны будуць прымяняцца да згаданых тавараў да 31 снежня 2016 года. Рашэнне камісіі набывае моц праз 10 дзён з моманту яго апублікавання. 

1 чэрвеня пастановай Савета міністраў Беларусі № 469 «Аб ліцэнзаванні імпарту асобных відаў макаронных вырабаў, а таксама кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза» ўведзена абавязковае ліцэнзаванне гэтай прадукцыі Міністэрствам гандлю пасля падпісання пагадненняў аб мінімальных цэнах з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». 

Апрача таго, 1 мая Беларусь увяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Імпарт піва ажыццяўляцца зараз па разавых ліцэнзіях, выдаваць якія ўпаўнаважана Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». Падставай для выдачы ліцэнзіі з'яўляецца падпісанне імпарцёрам дакумента з беларускім бокам аб мінімальных цэнах на піва, па якіх ячменны напой будзе прадавацца ў краіне. 

«Мы прынялі да ведама гэтае рашэнне нашых украінскіх партнёраў. Не можам пагадзіцца з яго матывацыяй, таму што Беларусь не рабіла якіх-небудзь крокаў у дачыненні менавіта да Украіны. Тым больш нязгодныя з тым, што нашы крокі трактуюцца як «недружалюбныя», — зазначылі ў МЗС. 

На думку знешнепалітычнага ведамства, ліцэнзаванне імпарту асобных тавараў у Беларусі, «якое выклікала негатыўную рэакцыю ўкраінскага боку, распаўсюджана на нявызначанае кола краін, а не выключна супраць Украіны, як гэта камусьці хочацца падаць. Больш за тое, гэта таксама ў поўнай меры ўпісваецца ў фармат міжнароднага гандлю: механізм ліцэнзавання ўстаноўлены толькі на шасцімесячны тэрмін. Ліцэнзаванне ніякім чынам не азначае забарону або кватаванне, а толькі некаторае ўпарадкаванне рынку. Украінскія ж партнёры маюць намер абкладваць пошлінамі ў памеры 55-60% выключна беларускія тавары і на перыяд да 31 снежня 2016 года».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?