Ці можна знайсці баланс у бізнэсе і жыцці, калі і муж, і жонка — бізнэсмены з паспяховымі праектамі?

Пра гэта як ніхто лепш можа расказаць дырэктар інтэрнэт-кампаніі Astronim* Багдан Каравец. У яго жонкі Алены — свой незалежны медыйны інтэрнэт-праект і шэраг іншых бізнэсаў. А акрамя бізнесу ў сям'і падрастаюць дачка і сын — пяці і сямі гадоў. Ці атрымліваецца сумяшчаць справы сямейныя з дзелавымі сустрэчамі, ці адно шкодзіць другому?

Адзначым, што пара Каравец выступіць мадэратарам на вечаровай дыскусіі «Баланс у жыцці і бізнэсе» 18 лістапада ў гатэлі «Рэнесанс Мінск» у межах Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, ключавой падзеі GEW, арганізаванага пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.

Сімвалічна, што для інтэрв'ю з Багданам Караўцом удалося сустрэцца ў яго офісе на вуліцы Кастрычніцкай толькі ў выходную пятніцу — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

— У бізнэсменаў няма ні дня, ні ночы, ні выхадных, ні святаў. І я не магу сабе дазволіць такой колькасці выходных, як вылучае ўсім наша дзяржава, — патлумачыў Багдан. Таму гэты выхадны ён прысвяціў важнай сустрэчы па запуску новага ўласнага стартап-праекта.

Багдан і Алена ажаніліся ў трыццаць гадоў, калі бізнэсу кожнага было ўжо па пяць гадоў. Як прызнаецца сам Багдан, «першыя тры гады з дзецьмі без сну — гэта вельмі моцны ўдар і па здароўі, і па здольнасці адэкватна працаваць днём». Вось вам і ўвесь «бізнэс»!

— Колькі часу і ўвагі патрабуе да сябе ваш бізнэс?

— Бізнес абазначае, што ты займаешся гэтым без перыпынку свядомасці і ўвагі. 24 гадзіны ў суткі. Асабліва, будучы бізнэсменам ў нашай краіне, калі ўвесь час нешта здараецца. Ну, а бізнэсмены ў ІТ — гэта наогул самыя «загнаныя» бізнэсмены, бо яны жорстка прывязаныя да бізнэс-працэсаў і супрацоўнікаў па бягучых праектах. Магчымасць дыстанцыйнай працы грае з людзьмі цяпер злы жарт — сучасныя камунікацыі, якія дазваляюць людзям працаваць аддалена, прывязваюць кіраўнікоў да сваіх жа бізнэс-працэсаў намёртва. У мяне рэгулярна да поўначы ідзе шэраг прыёмак работ, пастановак задач камусьці на ноч, каб атрымаць вынік раніцай і пусціць яго ў ход далей. Гэтая сітуацыя сталая. І сямейнаму дабрабыту гэта ніяк не спрыяе, як разумееце.

Наогул жа, паспяховае сумяшчэнне жыцця і бізнэсу — гэта міф. Нейкага сярэдняга варыянту, які задавальняў бы ўсіх, дасягнуць вельмі складана.

— Ці бываюць у бізнэсоўца сапраўдныя выхадныя?

— Вядома, сапраўдныя выходныя, калі ты прысвячаеш сябе сям'і, бываюць. Іх можна зладзіць у любы момант. Да таго ж змена любой дзейнасці карысная. Трэба ачышчацца, трымаць сябе ў форме. Можна сесці сям'ёй і куды-небудзь з'ехаць, але любое адключэнне ад «матрыцы» нясе небяспеку. Можна неяк сабраць, перакінуць справы. Але, адключыўшыся на дзень-два-тыдзень, ты абавязкова неяк заплаціш за гэты адпачынак.

Да таго ж, у кіраўніка ёсць задачы аператыўныя, а ёсць стратэгічныя, якія патрабуюць больш глыбокага падыходу. У звычайны працоўны дзень складана вылучыць 3-4-5 гадзін, каб ўдумліва папрацаваць над чымсьці. Пад гэта застаюцца толькі вечар альбо нейкі выхадны дзень.

Спорт. Рэгулярны спорт на ўзроўні фізкультуры цела і духу збольшага вырашае гэтую праблему. Я бегаю па раніцах, і мне гэта дапамагае чысціць мозг і цела, не дазваляючы перапаўняцца лішнімі эмоцыямі.

— Бізнэс звычайна выбудоўваецца па нейкіх напрацаваных схемах. Ці можна выбудаваць падобным чынам сямейныя справы?

— Бізнэс — гэта рацыянальнасць. На жаль, я не магу вазіць дзяцей на трэніроўкі ў 6 гадзін вечара. «Айцішнікі» толькі больш-менш прачынаюцца да гэтага часу і працуюць, пры гэтым яшчэ і самая гадзіна-пік на дарогах у горадзе. Не магу сабе дазволіць страціць шмат часу на раз'езды па горадзе.

Але сям'я — штука даволі ірацыянальная. І даводзіцца прымушаць паводзіць сябе нерацыянальна, каб хоць неяк займацца сям'ёй.

Некаторым удаецца ўбудаваць сям'ю ў рацыянальныя рамкі. Яно так і павінна быць. Сям'я — гэта таксама бізнэс. Але гэтаму заўсёды ёсць спрыяльныя ўмовы ў выглядзе вольнай другой паловы або вельмі вялікіх выдаткаў на дадатковы персанал у выглядзе нянь, трэнераў, сядзелак і г.д. Або калі бізнэс паддаецца большай сістэматызацыі і ўпарадкаванню, чым мой. Калі ж вяртацца да ІТ-бізнэсу, то тут усё занадта дынамічна развіваецца, як у бізнэс-працэсах, так і ў камунікацыях, і ў працоўнай культуры. Гэта накладвае адбітак і на сям'ю.

— Гэта значыць, па факце любая ўласная справа — гэта ўдар па сям'і?

— Так. Я рэальна не ведаю жывых прыкладаў, калі людзі ўдваіх займаліся б бізнэсам і пры гэтым сям'я б не пакутавала. Абсалютна ўсе сутыкаюцца з аналагічнымі праблемамі. І ўсіх цікавіць, як жа дамагчыся балансу ў жыцці і бізнэсе. Магчыма, на вечаровай дыскусіі на Міжнародным форуме прадпрымальніцтва шляхі вырашэння гэтай праблемы нам падкажуць іншыя бізнэсмены.

Пакуль жа відавочныя шляхі вырашэння — бабулі, няні — фармальна дазваляюць казаць пра сумяшчэнне сям'і і бізнэсу, але па факце дзеці растуць з іншымі людзьмі. Самы класічны і аптымальны варыянт, калі у бізнэсоўца жонка не працуе і цалкам займаецца сямейнымі справамі. У такім выпадку ўсё прасцей і сям'я здольная падладжвацца пад графік бізнэсмена.

— Пытанне аб тым, каб дэлегаваць бізнес і ўшчыльную заняцца сям'ёй, не паўставала?

— Я не ведаю выпадкаў, калі людзі змаглі дэлегаваць бізнес да такога стану, каб спакойна сысці ў сям'ю. Па меншай меры ў ІТ гэта немагчыма. Можа, у гандлі або вытворчасці, дзе бізнэс-працэсы можна «ўстаканіць» і бізнэс працуе па наладжанай схеме?

— Як прайшоў гэты працоўны тыдзень для вас?

— Напрыканцы тыдня для мяне пачатак тыдня па адчуваннях — гэта ўжо мінулы месяц. За 4 мінулыя дні я тройчы вяртаўся дадому да паўночы і дзяцей бачыў толькі раніцай. Гэта рэальнасць, якая звязана ў тым ліку і з геапалітычнымі зменамі на расійскім рынку, які для большасці беларускіх бізнэсаў з'яўляецца ключавым. Падзеі апошніх месяцаў прымушаюць хвалявацца і рыхтавацца да самых горшых сцэнароў.

— Як вашы дзеці ставяцца да адсутнасці бацькоў дома?

— У іх ужо натуральны псіхоз на гэтай глебе. Бо гэта ненармальна, вядома, калі бацькі на некаторы час знікаюць з жыцця сваіх дзяцей. Калі мая мама прыязджае ў госці на пару дзён, пры яе з'яўленні ў дзяцей пачынаецца гістэрыка. Яны баяцца, што бацькі знікнуць проста цяпер. Здараецца, што і я, і жонка занятыя на якой-небудзь важнай канферэнцыі. І пытанне, як жа быць з дзецьмі, падвісае ў паветры сякерай — каму галаву на плаху?

— Калі бізнэсмену можна пусціць свой бізнэс у свабоднае плаванне, а самому сысці на адпачынак?

— Я не ведаю людзей, якія змаглі б у 30—40 гадоў неяк застацца ў статусе бізнэсмена, але пры гэтым пераключыцца на сям'ю. Альбо ты цалкам усё пакідаеш і сыходзіш, альбо хутка бяжыш наперад. Мінімальнае тармажэнне і прыпынак — гэта як тры крокі назад.

Усе бізнэсмены мараць пра тое, каб стварыць бізнес з пасіўным прыбыткам, дэлегаваць камусьці аператыўную працу, а самім атрымліваць асалоду ад жыцця. Удаецца гэта адзінкам. Парадокс яшчэ ў тым, што часцей за ўсё пры гэтым сем'і не захоўваюцца.

— Вы можаце назваць сябе працаголікам?

— З боку так можа падацца, але я сябе працаголікам не лічу. У мяне няма заўзятага жадання перапрацоўваць. Хутчэй гэта ўсё залішні перфекцыянізм, у чымсьці — няздольнасць правільна дэлегаваць функцыі, у чымсьці — расплата за нейкія няўдалыя крокі.

Адзначым, што пагутарыць тэт-а-тэт з Багданам і Аленай Каравец, а таксама абмеркаваць «Баланс ў жыцці і бізнесе» можна будзе на вечаровай дыскусіі 18 лістапада ў гатэлі «Рэнесанс Мінск» у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва.

Міжнародны форум прадпрымальніцтва пройдзе 18 лістапада ў гатэлі «Рэнесанс Мінск». Праграма і спікеры форуму пералічаны тут. Купіць квіткі можна тут. Аб іншых мерапрыемствах Тыдня можна даведацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0