Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) 9 снежня паведаміла пра пачатак праверкі беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання. 

Як вынікае з паведамлення расійскага ведамства, праверка будзе доўжыцца па 16 снежня ў адпаведнасці з пратаколам нарады ўпаўнаважаных органаў Расіі і Беларусі па пытаннях зняцця часовых абмежаванняў на пастаўку прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў на расійскі рынак ад 4 снежня.

Напярэдадні прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) паведаміла пра удзел сваіх прадстаўнікоў у сумеснай праверцы беларускіх прадпрыемстваў, якая праводзіцца Рассельгаснаглядам і ўпаўнаважанымі органамі Беларусі. 

Дамоўленасць аб правядзенні такой інспекцыі была дасягнутая 8 снежня ў Маскве падчас рабочай сустрэчы прадстаўнікоў Беларусі і Расіі. Мэта праверкі — аб'ектыўна ацаніць стан спраў на прадпрыемствах Беларусі, якія ажыццяўляюць пастаўкі прадукцыі жывёльнага паходжання ў Расійскую Федэрацыю, для найхутчэйшага зняцця часовых абмежаванняў, нагадала прэс-служба ЕЭК. 

Забарона на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў Расія ўвяла ў лістападзе «ў сувязі з недапушчальным узроўнем утрымання антыбіётыкаў, а таксама сальманелы і кішэчных палачак у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?