Па дарозе ад ГЦ «Імпульс» да Дома мэблі між прадаўцамі касметыкі, вадзяных пісталетаў і самаробных шпакоўняў на цыратавай падсцілцы раскладзеныя вышыванкі. Раз на два тыдні народная майстрыха Сцяпанаўна прыязджае з Брэсцкага раёна ў Мінск прадаваць сваю вышыўку.
«Я ўсё жыццё займаюся вышыўкай. Як пайшла ў першы клас, прынесла шматку [анучку — дыялектнае, НН] і вышываю, — кажа яна. — Настаўніца злавала, нават бацькоў выклікала. На мяне дачка крычыць: «Мама, адпачні!», а я толькі так і ўмею адпачываць».
Лепш за ўсё ў яе разыходзяцца ручнікі. «Людзі вельмі цікавяцца. За гэтыя выходныя я зарабіла тры мільёны», — сцвярджае Сцяпанаўна.
Арнаменты на вырабах Сцяпанаўны, падобна, не ёсць поўнай рэканструкцыяй узораў з пэўных рэгіёнаў. Так вышыўка на кашулях і ручніках падобная да «фэнтэзі» па матывах паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, а таксама частак Польшчы, Расіі і Украіны.
Жаночая вышыванка ў Сцяпанаўны каштуе 630 тысяч, мужчынская — 850 тысяч. «Лён даражэе, набывай, дачка, зараз», — раіць яна.





