«Беларусь знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, на скрыжаванні галоўных гандлёвых шляхоў. У нас выдатнае геаграфічнае становішча, але мы не ўмеем ім карыстацца» — вельмі папулярнае сярод беларусаў меркаванне. Але ёсць істотная праблема: Беларусь не мае выхаду да мора.

Чаму ў наш час менавіта прыморскія рэгіёны з’яўляюцца лакаматывамі эканомікі і гандлю? Чаму адсутнасць мора — сур’ёзная праблема для Беларусі, але не трагедыя? І як Беларусь можа кампенсаваць адсутнасць мора на сваёй тэрыторыі? «Наша Ніва» паспрабавала знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Сёння каля 70% глабальнага валавага прадукту вырабляецца на тэрыторыях, якія знаходзяцца не далей за 100 міль ад марскога ўзбярэжжа.

Для таго, каб у гэтым упэўніцца, не абавязкова звяртацца да статыстыкі. Дастаткова паглядзець на мапу свету. Амаль усе самыя багатыя і вялікія гарады планеты знаходзяцца альбо на ўзбярэжжы (Нью-Ёрк, Рыа-дэ-Жанейра, Мумбай, Лос-Анжэлес, Токіа, Шанхай, Сінгапур, Сіднэй, Ганконг — спіс можна працягваць), альбо недалёка ад мора (Берлін, Сеул, Парыж, Лондан). Масква, бадай, адзінае выключэнне ў гэтым спісе.

У сваю чаргу кантынентальныя, далёкія ад мора рэгіёны і краіны звычайна самыя дэпрэсіўныя. Кітай — класічны прыклад гэтага. Усе гаспадарчыя і гандлёвыя цэнтры краіны знаходзяцца на ўсходзе, каля ўзбярэжжа.

Кітай у нас звычайна асацыюецца з буйнымі мегаполісамі, імклівым эканамічным ростам і перанаселенасцю. Але гэта ўсё тычыцца толькі невялікай, самай усходняй часткі Кітая. Цэнтральныя і заходнія правінцыі Кітая — бедныя і аграрныя. Шчыльнасць насельніцтва там не толькі ніжэйшая, чым на ўсходзе Кітая, але і ў некалькі разоў ніжэйшая, чым у Беларусі. Кітай імкнецца ўкладаць грошы ў інфраструктурныя праекты на захадзе краіны, каб збалансаваць розніцу паміж рэгіёнамі, але прыморскія правінцыі ўсё роўна развіваюцца хутчэй.

Падобную сітуацыю можна назіраць і ў Бразіліі. 72% яе ВВП вырабляецца ў прыбярэжных штатах, якія складаюць толькі 14% агульнай тэрыторыі краіны. Чаму так адбываецца?

Першы фактар: каля мора больш мяккі клімат. Гэта спрыяе развіццю сельскай гаспадаркі. Далёкія ад мора рэгіёны маюць больш суворы кантынентальны клімат. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова параўнаць клімат Цэнтральнай Азіі і Еўропы, якія знаходзяцца прыкладна на адной паралелі.

Але самая галоўная прычына імклівага развіцця прыморскіх рэгіёнаў — таннасць марскога транспарту. Водны транспарт ахоплівае каля 67% сусветнага грузазвароту. Ён не такі хуткі, як авіятранспарт, але танны і надзейны. Чыгуначны і аўтамабільны транспарт так і не стаў канкурэнтам марскому. Таму ў большасці выпадкаў кампаніі імкнуцца размясціць вытворчасць бліжэй да мора. Такім чынам заводы знаходзяцца бліжэй да партоў, што скарачае час і выдаткі на транспарціроўку.

Ёсць меркаванне, што Еўропа і Японскія выспы сталі самымі паспяховымі і развітымі часткамі Еўразіі якраз за кошт блізкасці да мора. Занорыстыя берагі Японіі спрыялі марскому гандлю і развіццю сельскай гаспадаркі. У сваю чаргу Еўропу можна разглядаць як своеасаблівы паўвостраў Еўразіі. І, у адрозненне ад астатняй часткі Еўразіі, большая частка зямель Еўропы знаходзіцца адносна недалёка ад мора. Гэта магло быць прычынай імклівага развіцця менавіта гэтай часткі Еўразіі.

Аддаленасць ад мора — адна з імаверных прычын адсталасці Расіі ад астатняй Еўропы. Пётр Першы не дарма ўзмацняў магутнасць Расіі шляхам пашырэння прысутнасці на Балтыйскім моры.

У Расіі вельмі працяглая берагавая лінія, і яна з’яўляецца марской дзяржавай. Але большая частка расійскага берагу абмываецца Паўночным Ледавітым акіянам, які па грузапатоку значна саступае іншым акіянам.

Гэтым жа можа быць выклікана і эканамічная адсталасць Афрыкі. Здаецца, Афрыка не так ужо ізаляваная ад мора, як Азія, і мае выхад да двух акіянаў. Але гэты кантынент мае найменшую адносіну 1 тысячы кіламетраў даўжыні марской берагавой лініі да 1 мільёнаў квадратных кіламетраў агульнай плошчы сушы – 0,85 (для параўнання, еўрапейскі паказчык 3,07). Іншымі словамі, Афрыка самая «кантынентальная» з усіх частак свету. Таму яна ўвесь час была выключаная з глабальнага гандлю.

У ЗША, як і ў Бразіліі з Кітаем, самыя багатыя і развітыя тэрыторыі знаходзяцца на ўзбярэжжы. Першапачаткова эканамічным «сэрцам» ЗША былі ўсходнія атлантычныя штаты. Пазней пачало развівацца і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа — Каліфорнія стала самым багатым штатам, цэнтрам інавацый. У сваю чаргу цэнтральныя штаты з’яўляюцца зонамі сельскагаспадарчай вытворчасці і прамысловасці, не арыентаванай на замежныя рынкі.

Але што рабіць у гэтай сітуацыі нашай краіне? Беларусь, у адрозненне ад Полацкага княства ці ВКЛ, выхаду да мора не мае. А на тэрыторыі сучаснай Беларусі мора існавала каля 300 млн гадоў таму. Бераг знаходзіўся прыкладна ў раёне сучаснага Салігорска. За апошнія 300 млн гадоў сітуацыя крыху змянілася. ))

Адсутнасць мора — праблема, але не трагедыя для Беларусі. Да бліжэйшага да нас Балтыйскага мора 300—400 кіламетраў, а да Чорнага — каля 700. Гэта адносна невялікія адлегласці ў нашу эпоху. Таму Беларусь нельга лічыць безнадзейна кантынентальнай дзяржавай.

Але, каб палепшыць сітуацыю, Беларусі жыццёва неабходна браць удзел у інфраструктурных праектах, якія б зрабілі транспартаванне беларускіх тавараў да балтыйскіх і чарнаморскіх партоў танным, хуткім і простым. Будаўніцтва хуткаснай чыгункі, аўтадарог, лагістычных цэнтраў і іншай інфраструктуры мусіць быць супольнай справай для Беларусі, краін Балтыі і Украіны. Але без стварэння супольнай мытнай прасторы, эканамічнай ці нават палітычнай інтэграцыі гэтыя праекты цяжка будзе рэалізаваць. Тут нельга не ўзгадаць канцэпцыю «Балтыйска-Чарнаморскай садружнасці».

Яшчэ адным з варыянтаў мог бы быць перанос вытворчасці экспартнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у прыморскія рэгіёны суседніх краін.

У будучыні цалкам верагодна, што навукоўцы створаць новы від транспарту, які будзе каштаваць танней, чым марскі. Такім чынам прыморскія тэрыторыі страцяць свой «прывілеяваны» статус. Будзе абсалютна ўсё роўна, у якіх месцах арганізоўваць вытворчасць тавараў, бо затраты на іх сухапутную транспарціроўку будуць мізэрнымі. Магчыма, рэвалюцыю створыць праект Ілана Маска Hyperloop.

Але гэта не справа бліжэйшых гадоў. Як мінімум яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў марскі транспарт не будзе мець канкурэнтаў. Таму жаданне Беларусі ўдзельнічаць у інтэграцыйных працэсах разам з кантынентальнымі Расіяй, Казахстанам, Кыргызстанам і Арменіяй выглядае не іначай, як акт прымусу да залежнасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру