Пра дзікі выпадак на футбольным турніры імя Уладзіслава Леўнікава ў Пінску паведамляе Tribuna.com.
За прызы юнацкага (2001-02 г.н.) турніру ў гонар вядомага трэнера, што прайшоў у Пінску ў сярэдзіне жніўня, змагаліся некалькі беларускіх камандаў і дзве з Расіі — з Санкт-Пецярбурга і Масквы.
Фота з архіва футбалістаў
Але маскоўскія госці турнір да канца не дагулялі — у фінальным матчы іх супернікі з Пінска за дзесяць хвілін да канца матча вырваліся наперад — 3:2, пасля чаго масквічы зладзілі дэмарш.
«Футбаліст супернікаў пачаў абражаць суддзю, той паказаў яму жоўтую картку. Але хлопец не супакоіўся, а працягнуў спрачацца, ужо лаянкай. Суддзя яго выдаліў. Тут разышоўся яшчэ адзін масквіч. Выдалілі і яго. У выніку мы не дагулялі. Іх трэнер сказаў: маўляў, збірайцеся, падыходзьце сюды. Яны сышлі ў распранальню. Гульцы крычалі нам «Вы — калгаснікі!». — цытуе «Трыбуна» пінчука Уладзя Красоўскага.
Калі ж маскоўская каманда сыходзіла з поля, то адзін з футбалістаў падбег і перакуліў стол з кубкам і статуэткамі для пераможцаў — у выніку сапсаваны кубак давялося замяніць на леташні.
У выніку маскоўскую каманду дыскваліфікавалі, пазбавіўшы прызоў за 2-е месца.
Леташні кубак замест новага ў руках пінскага футбаліста





